Пошук

2026.06.02 Intelligenza Artificiale (immagine simbolica)

Рымскі прафесар: новая энцыкліка Папы бароніць асобу ад ілюзій

Італьянскі прафесар Вальтэр Кватрачокі назваў першую энцыкліку Льва XIV "Magnifica humanitas" важным крокам да глыбокага абмеркавання выклікаў штучнага інтэлекту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У размове з журналістамі “Vatican News” Фабіа Калаграндэ прафесар інфарматыкі рымскага ўніверсітэта "Сапіенца" Вальтэр Кватрачокі падкрэсліў, што новы папскі дакумент дазваляе перавесці грамадскую дыскусію з прасторы наіўнага захаплення ці катастрафізму на глыбокі метадалагічны ўзровень.

Навуковец адзначыў адметнасць падыходу Пантыфіка, які нагадвае, што штучны інтэлект не мае цела, не пражывае чалавечы вопыт і не здольны ўзрастаць у адносінах. "Сёння лінгвістычная праўдападобнасць, якая аптымізуецца вялікімі моўнымі мадэлямі, становіцца амаль неаддзельнай ад адказнасці чалавечага суджэння", - тлумачыць даследчык

Ілюзія разумення і сімуляцыя суджэння

Вучоны папярэджвае аб пагрозе блытаніны паміж якасцю тэксту чат-бота і сапраўдным мысленнем. Мадэлі ствараюць пераканаўчыя адказы на аснове статыстычных сувязей, не маючы рэальнага разумення свету ці магчымасці верыфікацыі. Спасылаючыся на працу сваёй групы, Кватрачокі заўважыў: "Мы маем не суджэнне, а сімуляцыю суджэння, мы маем не ўзаемадзеянне, а сімуляцыю ўзаемадзеяння". Чалавек здольны прызнаць памылку і дзейнічаць у нарматыўным полі, тады як алгарытмы застаюцца ў межах статыстычнага набліжэння слоў.

Небяспека незаўважнага падману ў эпоху эканомікі ўвагі

Найбольшую рызыку прафесар бачыць у тым, што грамадства паступова замяняе верыфікацыю фактаў успрымальнай праўдападобнасцю. У эпоху эканомікі ўвагі сацыяльныя сеткі прасоўваюць тое, што прыцягвае позірк, а не тое, што інфармуе. Вялікія моўныя мадэлі пастаўляюць пераканаўчы кантэнт у прамысловых маштабах, і, нават не будучы створанымі для маніпуляцыі, "яны выдатна маніпуліруюць". Традыцыйны пошук ісціны праз праверку крыніц зводзіцца да гатовага, прыгожа ўпакаванага выніку.

Каментуючы думку Папы пра тое, што штучны інтэлект хутчэй "вырошчваецца", чым будуецца, і развіваецца аўтаномна, навуковец дадаў, што звычайная адкрытасць кода не вырашае праблему – неабходна бачыць, якія лагічныя скарачэнні выкарыстоўвае машына.

Кватрачокі папярэдзіў аб пагрозе "эпістэміі" – камфортнай ілюзіі валодання праўдзівымі ведамі, калі людзі цалкам дэлегуюць машынам стварэнне тэкстаў, губляючы здольнасць да іх крытычнай праверкі. Вынікам становіцца напаўненне публічнай прасторы пустымі, хоць і выдатна ўпакаванымі сэнсамі.

Энцыкліка "Magnifica humanitas", на думку даследчыка, дазваляе паставіць цэнтральнае пытанне: што чакае грамадства, якое давярае машынам, што здольныя выключна імітаваць чалавечыя суджэнні і адносіны.
 

04 чэрвеня 2026, 11:13