Рымскі прафесар: новая энцыкліка Папы бароніць асобу ад ілюзій
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У размове з журналістамі “Vatican News” Фабіа Калаграндэ прафесар інфарматыкі рымскага ўніверсітэта "Сапіенца" Вальтэр Кватрачокі падкрэсліў, што новы папскі дакумент дазваляе перавесці грамадскую дыскусію з прасторы наіўнага захаплення ці катастрафізму на глыбокі метадалагічны ўзровень.
Навуковец адзначыў адметнасць падыходу Пантыфіка, які нагадвае, што штучны інтэлект не мае цела, не пражывае чалавечы вопыт і не здольны ўзрастаць у адносінах. "Сёння лінгвістычная праўдападобнасць, якая аптымізуецца вялікімі моўнымі мадэлямі, становіцца амаль неаддзельнай ад адказнасці чалавечага суджэння", - тлумачыць даследчык
Ілюзія разумення і сімуляцыя суджэння
Вучоны папярэджвае аб пагрозе блытаніны паміж якасцю тэксту чат-бота і сапраўдным мысленнем. Мадэлі ствараюць пераканаўчыя адказы на аснове статыстычных сувязей, не маючы рэальнага разумення свету ці магчымасці верыфікацыі. Спасылаючыся на працу сваёй групы, Кватрачокі заўважыў: "Мы маем не суджэнне, а сімуляцыю суджэння, мы маем не ўзаемадзеянне, а сімуляцыю ўзаемадзеяння". Чалавек здольны прызнаць памылку і дзейнічаць у нарматыўным полі, тады як алгарытмы застаюцца ў межах статыстычнага набліжэння слоў.
Небяспека незаўважнага падману ў эпоху эканомікі ўвагі
Найбольшую рызыку прафесар бачыць у тым, што грамадства паступова замяняе верыфікацыю фактаў успрымальнай праўдападобнасцю. У эпоху эканомікі ўвагі сацыяльныя сеткі прасоўваюць тое, што прыцягвае позірк, а не тое, што інфармуе. Вялікія моўныя мадэлі пастаўляюць пераканаўчы кантэнт у прамысловых маштабах, і, нават не будучы створанымі для маніпуляцыі, "яны выдатна маніпуліруюць". Традыцыйны пошук ісціны праз праверку крыніц зводзіцца да гатовага, прыгожа ўпакаванага выніку.
Кватрачокі папярэдзіў аб пагрозе "эпістэміі" – камфортнай ілюзіі валодання праўдзівымі ведамі, калі людзі цалкам дэлегуюць машынам стварэнне тэкстаў, губляючы здольнасць да іх крытычнай праверкі. Вынікам становіцца напаўненне публічнай прасторы пустымі, хоць і выдатна ўпакаванымі сэнсамі.
Энцыкліка "Magnifica humanitas", на думку даследчыка, дазваляе паставіць цэнтральнае пытанне: што чакае грамадства, якое давярае машынам, што здольныя выключна імітаваць чалавечыя суджэнні і адносіны.