Пошук

Леў XIV благаслаўляе ў Барселоне гуманітарны канвой для украіны Леў XIV благаслаўляе ў Барселоне гуманітарны канвой для украіны  (@Vatican Media)

Ва Украіну прыбыў гуманітарны канвой, які благаславіў Леў XIV

Ва Украіну прыбыў буйны гуманітарны канвой з медыцынскім абсталяваннем, які перад адпраўкай у Барселоне асабіста благаславіў Папа Леў XIV па просьбе манахіні-дамініканкі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На ўкраінскую тэрыторыю даставілі 21 аўтамабіль хуткай дапамогі, два фургоны і дзевяць іншых транспартных сродкаў, прызначаных для выратавання жыцця і здароўя людзей.

Гэтую тэхніку Пантыфіка папрасіла благаславіць дамініканка з Аргенціны, сястра Марыя Лусія Карам Падылья, якая ад самага пачатку вайны арганізуе гуманітарную падтрымку тым, хто пакутуе ва Украіне. Манахіня ўжо шмат гадоў нясе служэнне ў Іспаніі.

Леў XIV благаславіў "Украінскі канвой міру" 9 чэрвеня 2026 года перад пачаткам малітоўнага чування на Алімпійскім стадыёне ў Барселоне. Транспарт, напоўнены прадуктамі харчавання і медыкаментамі, сабрала сястра Карам разам з валанцёрамі свайго фонду.

Папа асобна благаславіў кожную машыну, праявіўшы вялікую сардэчнасць і блізкасць. Ён падзякаваў за магчымасць здзейсніць гэты жэст і прызнаўся, што сітуацыя ва Украіне яго вельмі непакоіць.

Адразу пасля сустрэчы аўтакалона, у якой ехалі больш за 60 асоб, вырушыла ў дарогу. Ужо 12 чэрвеня 2026 года "Украінскі канвой міру" перасякаў мяжу і накіраваўся ў раёны, якія найбольш пакутуюць ад абстрэлаў.

Для сястры Карам гэта ўжо 51-ы гуманітарны канвой з лютага 2022 года. Дзякуючы шчодрасці жыхароў Барселоны і іншых гарадоў, за гэты перыяд ва Украіну даставілі 200 машын хуткай дапамогі і рознае абсталяванне. Акрамя таго, арганізацыя стварыла 44 гуманітарныя калідоры, што дазволіла перавезці каля 150 параненых з лініі фронту на рэабілітацыю ў іспанскія бальніцы. На тэрыторыі Украіны пры садзейнічанні манахіні былі абсталяваны палявыя шпіталі для аказання хуткай медыцынскай дапамогі. Сястра Карам таксама арганізавала адпачынак у Барселоне для 255 дзяцей, якія жывуць пад бомбамі, і асабіста дастаўляла дапамогу ў прыфрантавыя гарады, уключаючы Харкаў.

Сродкі на набыццё тэхнікі манахіня збірае праз сацыяльныя сеткі, дзе адгукаюцца як звычайныя людзі з ахвяраваннямі ад аднаго еўра, так і буйны бізнес, які аплаціў палову машын. У цяперашні канвой таксама ўвайшлі 200 генератараў, купленых прыватнымі асобамі, сярод якіх хлопчык з сіндромам Даўна, які аддаў усе грошы са сваёй скарбонкі.

Раней манахіня ўжо сустракалася з Львом XIV, а з яго папярэднікам Францішкам бачылася 17 разоў – менавіта яго словы пра неабходнасць адкрыцця гуманітарных калідораў натхнілі яе на гэтую дзейнасць.
 

13 чэрвеня 2026, 11:08