Ва Украіну прыбыў гуманітарны канвой, які благаславіў Леў XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На ўкраінскую тэрыторыю даставілі 21 аўтамабіль хуткай дапамогі, два фургоны і дзевяць іншых транспартных сродкаў, прызначаных для выратавання жыцця і здароўя людзей.
Гэтую тэхніку Пантыфіка папрасіла благаславіць дамініканка з Аргенціны, сястра Марыя Лусія Карам Падылья, якая ад самага пачатку вайны арганізуе гуманітарную падтрымку тым, хто пакутуе ва Украіне. Манахіня ўжо шмат гадоў нясе служэнне ў Іспаніі.
Леў XIV благаславіў "Украінскі канвой міру" 9 чэрвеня 2026 года перад пачаткам малітоўнага чування на Алімпійскім стадыёне ў Барселоне. Транспарт, напоўнены прадуктамі харчавання і медыкаментамі, сабрала сястра Карам разам з валанцёрамі свайго фонду.
Папа асобна благаславіў кожную машыну, праявіўшы вялікую сардэчнасць і блізкасць. Ён падзякаваў за магчымасць здзейсніць гэты жэст і прызнаўся, што сітуацыя ва Украіне яго вельмі непакоіць.
Для сястры Карам гэта ўжо 51-ы гуманітарны канвой з лютага 2022 года. Дзякуючы шчодрасці жыхароў Барселоны і іншых гарадоў, за гэты перыяд ва Украіну даставілі 200 машын хуткай дапамогі і рознае абсталяванне. Акрамя таго, арганізацыя стварыла 44 гуманітарныя калідоры, што дазволіла перавезці каля 150 параненых з лініі фронту на рэабілітацыю ў іспанскія бальніцы. На тэрыторыі Украіны пры садзейнічанні манахіні былі абсталяваны палявыя шпіталі для аказання хуткай медыцынскай дапамогі. Сястра Карам таксама арганізавала адпачынак у Барселоне для 255 дзяцей, якія жывуць пад бомбамі, і асабіста дастаўляла дапамогу ў прыфрантавыя гарады, уключаючы Харкаў.
Сродкі на набыццё тэхнікі манахіня збірае праз сацыяльныя сеткі, дзе адгукаюцца як звычайныя людзі з ахвяраваннямі ад аднаго еўра, так і буйны бізнес, які аплаціў палову машын. У цяперашні канвой таксама ўвайшлі 200 генератараў, купленых прыватнымі асобамі, сярод якіх хлопчык з сіндромам Даўна, які аддаў усе грошы са сваёй скарбонкі.
Раней манахіня ўжо сустракалася з Львом XIV, а з яго папярэднікам Францішкам бачылася 17 разоў – менавіта яго словы пра неабходнасць адкрыцця гуманітарных калідораў натхнілі яе на гэтую дзейнасць.