Пошук

Нунцый у Ліване арцыбіскуп Паола Борджыа падчас раздачы гуманітарнай дапамогі на подні Лівана Нунцый у Ліване арцыбіскуп Паола Борджыа падчас раздачы гуманітарнай дапамогі на подні Лівана 

Ліван: нунцый дастаўляе дапамогу пад абстрэламі

Апостальскі нунцый у Ліване арцыбіскуп Паола Борджыа распавёў пра цяжкую сітуацыю на поўдні краіны і дастаўку гуманітарнай дапамогі ў зону баявых дзеянняў.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Паўднёвая частка Лівана ўсё больш і больш ператвараецца ў пустую зону, дзе пасля загадаў аб эвакуацыі і ваенных аперацый практычна не засталося жыхароў.

Стала вядома пра візіт апостальскага нунцыя ў гэтым рэгіёне арцыбіскупа Паола Борджыа ў горад Тыр. Ватыканскі дыпламат наведаў паранены вайной край, каб узначаліць набажэнства для мясцовай грэка-каталіцкай супольнасці. "Я хацеў проста быць там, засведчыць нашу падтрымку", - падкрэсліў іерарх у інтэрв’ю „Avvenire”, дадаючы, што яго прысутнасць дапамагае вернікам пераадолець страх і заставацца ў сваіх дамах.

Дапамога па-за рэлігійнымі межамі

З пачатку сакавіка, калі ізраільскія атакі набылі інтэнсіўны характар, арцыбіскуп ужо каля дваццаці разоў трапляў пад перакрыжаваны агонь Хезбалы і войска Тэль-Авіва. Ён асабіста суправаджае гуманітарныя калоны з прадуктамі харчавання і медыкаментамі. Місіі накіроўваюцца не толькі ў хрысціянскія вёскі, але і ў мусульманскія населеныя пункты, а таксама ў друзкія і суніцкія цэнтры. "Патрэбы і пакуты не маюць пасведчання асобы", - перакананы прадстаўнік Святога Пасада. Людзі ў розных рэгіёнах просяць аб малітве, кожны дзень змагаючыся з галечай і нявызначанасцю.

Падчас нядаўняй сустрэчы з Папам Львом XIV нунцый абмеркаваў развіццё канфлікту і дастаўку медыцынскай дапамогі праз ліванскі "Caritas". Святы Айцец імкнецца, каб усе адчувалі блізкасць Касцёла і не былі забытымі. Арганізацыі місій вельмі дапамагаюць міжнародныя сілы ААН. Гэта дазваляе больш эфектыўна каардынаваць рух транспарту. Нягледзячы на разбураныя дарогі, падрывы мастоў і вымушаныя начлегі на ваенных базах, касцельная місія працягваецца.

Надзея на мір насуперак небяспецы

Кожная новая паездка ў зону канфлікту звязана з велізарнай рызыкай для жыцця, аднак удзячнасць людзей дае сілы ісці далей. Сапраўдны мір у рэгіёне, паводле слоў нунцыя, застаецца магчымым, калі гэтага шчыра пажадаюць усе бакі канфлікту. Простае чалавечае пацісканне рукі або супольны позірк у вочы пацвярджаюць, што гэтыя намаганні мaюць сэнс.

"На вайне нават словы "мы тут" становяцца канкрэтнай дапамогай", - падсумаваў арцыбіскуп Борджыа. Папская дыпламатыя і надалей будзе заставацца побач з тымі, хто пакутуе.
 

16 чэрвеня 2026, 10:53