Ліван: нунцый дастаўляе дапамогу пад абстрэламі
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Паўднёвая частка Лівана ўсё больш і больш ператвараецца ў пустую зону, дзе пасля загадаў аб эвакуацыі і ваенных аперацый практычна не засталося жыхароў.
Стала вядома пра візіт апостальскага нунцыя ў гэтым рэгіёне арцыбіскупа Паола Борджыа ў горад Тыр. Ватыканскі дыпламат наведаў паранены вайной край, каб узначаліць набажэнства для мясцовай грэка-каталіцкай супольнасці. "Я хацеў проста быць там, засведчыць нашу падтрымку", - падкрэсліў іерарх у інтэрв’ю „Avvenire”, дадаючы, што яго прысутнасць дапамагае вернікам пераадолець страх і заставацца ў сваіх дамах.
Дапамога па-за рэлігійнымі межамі
З пачатку сакавіка, калі ізраільскія атакі набылі інтэнсіўны характар, арцыбіскуп ужо каля дваццаці разоў трапляў пад перакрыжаваны агонь Хезбалы і войска Тэль-Авіва. Ён асабіста суправаджае гуманітарныя калоны з прадуктамі харчавання і медыкаментамі. Місіі накіроўваюцца не толькі ў хрысціянскія вёскі, але і ў мусульманскія населеныя пункты, а таксама ў друзкія і суніцкія цэнтры. "Патрэбы і пакуты не маюць пасведчання асобы", - перакананы прадстаўнік Святога Пасада. Людзі ў розных рэгіёнах просяць аб малітве, кожны дзень змагаючыся з галечай і нявызначанасцю.
Падчас нядаўняй сустрэчы з Папам Львом XIV нунцый абмеркаваў развіццё канфлікту і дастаўку медыцынскай дапамогі праз ліванскі "Caritas". Святы Айцец імкнецца, каб усе адчувалі блізкасць Касцёла і не былі забытымі. Арганізацыі місій вельмі дапамагаюць міжнародныя сілы ААН. Гэта дазваляе больш эфектыўна каардынаваць рух транспарту. Нягледзячы на разбураныя дарогі, падрывы мастоў і вымушаныя начлегі на ваенных базах, касцельная місія працягваецца.
Надзея на мір насуперак небяспецы
Кожная новая паездка ў зону канфлікту звязана з велізарнай рызыкай для жыцця, аднак удзячнасць людзей дае сілы ісці далей. Сапраўдны мір у рэгіёне, паводле слоў нунцыя, застаецца магчымым, калі гэтага шчыра пажадаюць усе бакі канфлікту. Простае чалавечае пацісканне рукі або супольны позірк у вочы пацвярджаюць, што гэтыя намаганні мaюць сэнс.
"На вайне нават словы "мы тут" становяцца канкрэтнай дапамогай", - падсумаваў арцыбіскуп Борджыа. Папская дыпламатыя і надалей будзе заставацца побач з тымі, хто пакутуе.