Мундыяль-2026: рэлігійная свабода ў краінах-удзельніцах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папскі фонд "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" звярнуў увагу на сітуацыю ў 14 з 48 краін, якія прымаюць удзел у Чэмпіянаце свету па футболе. Паводле справаздачы "Свабода рэлігіі ў свеце" за 2025 год, там назіраюцца сур'ёзныя праблемы з магчымасцю практыкавання веры.
"Пераслед рэлігійных супольнасцей адзначаны ў Іране, Саудаўскай Аравіі і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга", - падкрэсліў прадстаўнік фонду ў Вене. У астатніх адзінаццаці дзяржавах-удзельніцах эксперты канстатуюць глыбокія формы дыскрымінацыі.
Спорт часта становіцца люстэркам грамадства, у тым ліку і яго балючых праблем
Асаблівую занепакоенасць выклікае становішча ў Іране і Саудаўскай Аравіі, дзе мясцовыя грамадскія і прававыя нормы значна абмяжоўваюць свабоду сумлення. За парушэнне гэтых правіл канвертытам і прадстаўнікам меншасцей пагражае зняволенне, а ў некаторых выпадках – нават смяротнае пакаранне. У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга сітуацыю, якая застаецца напружанай, яшчэ больш абвастрае ўзброены канфлікт на ўсходзе дзяржавы.
У спіс краін з істотнымі абмежаваннямі таксама трапілі Марока, Туніс, Катар, Егіпет, Турцыя, Узбекістан і Ірак. Драматычнай застаецца абстаноўка на Гаіці, дзе ўзброеныя групоўкі кантралююць частку тэрыторыі, а рэлігійныя лідары станавіліся ахвярамі насілля і выкраданняў.
У Мексіцы, якая прымае турнір, на духавенства ўсё часцей ціснуць наркакартэлі. Аднак "знакам надзеі" стала зборная Ірака, якая 16 чэрвеня 2026 года сустрэлася з Нарвегіяй. Каманда дэманструе, што людзі рознага этнічнага паходжання і веравызнання, у тым ліку хрысціяне, могуць паспяхова супрацоўнічаць на футбольным полі.