Пошук

Каманды Бельгіі і Егіпту перад матчам на Чэмпіянаце свету па футболе 2026 года Каманды Бельгіі і Егіпту перад матчам на Чэмпіянаце свету па футболе 2026 года  (2026 Getty Images)

Католік ля вытокаў футбольнага Мундыялю: гісторыя Жуля Рымэ

Мільярды людзей ва ўсім свеце сочаць за матчамі Чэмпіянату свету па футболе, але нямногія ведаюць, што ідэя гэтага турніру нарадзілася дзякуючы чалавеку, натхнёнаму каталіцкай верай і сацыяльным вучэннем Касцёла.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Чэмпіянат свету па футболе належыць да найбольш папулярных спартыўных падзей планеты. Паводле ацэнак, за турнірам сочаць каля пяці мільярдаў гледачоў. Сёлетнія спаборніцтвы праводзяцца ўжо ў дваццаць трэці раз. Упершыню турнір прымаюць тры краіны-суседкі: Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада і Мексіка.

Ля вытокаў футбольнага мундыялю стаяў Жуль Рымэ – сузаснавальнік і шматгадовы прэзідэнт “FIFA”, пабожны католік, які ў сваёй дзейнасці кіраваўся верай і сацыяльным вучэннем Касцёла, заўважыла інфармацыйнае агенцтва “KAI”.

Жуль Рымэ нарадзіўся 14 кастрычніка 1873 года ў французскай мясцовасці Тэле ў пабожнай каталіцкай сям’і. Яшчэ ў юнацтве ён вылучаўся клопатам пра бедных і цікавасцю да сацыяльных праблем. Значны ўплыў на яго аказала энцыкліка “Rerum Novarum” Папы Льва XIII, прысвечаная цяжкаму становішчу рабочых у эпоху прамысловай рэвалюцыі. Натхнёны яе пасланнем, 17-гадовы Рымэ далучыўся да стварэння арганізацыі, якая аказвала сацыяльную і медыцынскую дапамогу найбяднейшым.

Юнак таксама захапляўся спортам і быў перакананы ў яго здольнасці аб’ядноўваць людзей розных рас, нацыянальнасцяў і грамадскіх слаёў. Кіруючыся гэтымі ідэаламі, ён заснаваў спартыўны клуб “Red Star”, адкрыты для ўсіх незалежна ад сацыяльнага паходжання, і ўвайшоў у кіраўніцтва французскай футбольнай федэрацыі.

У 1904 годзе Рымэ стаў адным з сузаснавальнікаў “FIFA”. Пасля службы ў войску падчас Першай сусветнай вайны ён вярнуўся да спартыўнай дзейнасці, а ў 1921 годзе быў абраны прэзідэнтам сусветнай футбольнай арганізацыі. Менавіта падчас працы Рымэ на гэтай пасадзе адбыўся першы Чэмпіянат свету па футболе. Турнір прайшоў у 1930 годзе ва Уругваі. Рымэ разглядаў яго як сродак умацавання міру паміж народамі, развіцця ўсеагульнага братэрства і салідарнасці, а таксама прадухілення міжнародных канфліктаў.

Жуль Рымэ кіраваў “FIFA” на працягу рэкордных 33 гадоў. У знак прызнання яго заслуг галоўны трафей чэмпіянатаў свету, які ўручаўся пераможцам у 1930-1970-х гадах, насіў яго імя – Кубак Жуля Рымэ. Памёр спартыўны візіянер у 1956 годзе.

За ўклад у развіццё міжнароднага футбола і садзейнічанне паразуменню паміж народамі Рымэ быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру. Яго часта называюць “бацькам чэмпіянатаў свету па футболе”. Паводле ўспамінаў яго ўнука Іва Рымэ, заснавальнік мундыялю быў “гуманістам і ідэалістам, які верыў, што спорт можа аб’яднаць свет”.
 

16 чэрвеня 2026, 12:49