Пошук

Леў XIV праводзіць сустрэчу з вернікамі на стадыёне "Санцьяга Бернабе" падчас апостальскага візіту ў Мадрыд Леў XIV праводзіць сустрэчу з вернікамі на стадыёне "Санцьяга Бернабе" падчас апостальскага візіту ў Мадрыд 

Ватыканістка пра геапалітычнае значэнне візіту Папы ў Іспанію

Апостальскі візіт Льва XIV у Іспанію стаў выпрабаваннем здольнасці хрысціянства прамаўляць да сучаснага грамадства, лічыць ватыканістка італьянскага выдання "Il Messaggero".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Італьянская журналістка Франка Джансалдаці, якая суправаджае Святога Айца ў падарожжы, назвала першыя дні гэтага візіту сапраўдным шокам для Еўропы і прасторай для новага пантыфікату.

На яе думку, візіт у Мадрыд мае не толькі рэлігійны, але і глыбокі палітычны, культурны і нават геапалітычны характар. Адразу пасля прыбыцця Папа з Амерыкі пачаў гаварыць пра згоду, мір, духоўныя карані і дыялог.

Нечаканая здольнасць мабілізаваць шматтысячныя натоўпы

Ватыканістка падкрэслівае, што Леў XIV прадэманстраваў тое, чаго ў Еўропе даўно не было бачна, – здольнасць аб’яднаць вакол адной ідэі велізарную колькасць людзей. Яна нагадвае пра 600 тысяч маладых вернікаў, якія ў цішыні стаялі на каленях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, і мільён дзвесце тысяч удзельнікаў урачыстасці Божага Цела.

Журналістка заўважае, што "гэта колькасць людзей, якую аб’ектыўна ніводзін еўрапейскі палітычны лідар не быў бы сёння здольны мабілізаваць", і менавіта ў гэтым заключаецца галоўная навізна візіту.

Выбар Іспаніі, як адной з самых секулярызаваных краін, раздзеленай глыбокімі культурнымі і палітычнымі супярэчнасцямі, стаў ідэальнай “майстэрняй”. Папа не прапануе рэвалюцый ці настальгічнага вяртання ў мінулае, а робіць акцэнт на "стварэнні сеткі" паміж рознымі культурамі, вернікамі і няверуючымі.

На думку італьянскай эксперткі, Пантыфік імкнецца запоўніць прастору, якую паступова пакідае еўрапейская палітыка, звяртаючыся да супольных духоўных крыніц і дэманструючы "мяккую сілу" праз сімвалічны кансэнсус і адказы на агульныя страхі грамадства.

Супадзенне, якое адкрывае грамадскую моц веры

Гэта нагадвае студзень 1979 года, калі Ян Павел II здзейсніў першае замежнае падарожжа ў Мексіку, якое змяніла міжнароднае ўспрыманне Папы-паляка і ператварыла яго ў глабальнага лідара.

Франка Джансалдаці заўважае: хоць сённяшні кантэкст іншы і Леў XIV не сутыкаецца з савецкім камунізмам, аднак супадзенне відавочнае – гэта адкрыццё грамадскай сілы хрысціянства, якую многія лічылі вычарпанай. Цяперашні візіт у Іспанію даказвае, што еўрапейскае хрысціянства здольнае мабілізаваць энергію і адказваць на пытанні пра сэнс жыцця, што робіць гэтае падарожжа, на яе думку, адным з самых важных этапаў цяперашняга пантыфікату.
 

09 чэрвеня 2026, 09:12