Пошук

Леў XIV – вернікам Мадрыда: будзьце для ўсіх разгорнутай Бібліяй

“Будзьце для ўсіх як разгорнутай Біблія: няхай на вашых тварах і ў вашым жыцці людзі сустракаюць Божае слова”, - заклікаў Папа дыяцэзіяльную супольнасць Мадрыда, з якой сустрэўся на мясцовым стадыёне “Сант’яга Бернабеу”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

8 чэрвеня 2026 года стадыён мадрыдскага “Рэала” ператварыўся ў месца сустрэчы Наступніка святога Пятра з 80 тысячамі прадстаўнікоў каталіцкай супольнасці іспанскай сталіцы, якія цалкам запоўнілі трыбуны футбольнай арэны.

“Вы сведчыце аб Евангеллі ў сталіцы вялікай еўрапейскай краіны, дзе знаходзяцца структуры і арганізацыі, у якіх прымаюцца важныя рашэнні для сучаснасці і будучыні, але якая таксама з’яўляецца мэтай для мільёнаў турыстаў і братоў і сясцёр, што шукаюць новых магчымасцяў”, - заўважыў Папа, заклікаючы мадрыдскіх католікаў сведчыць пра радасць Евангелля, якая “стане натхняльнай, калі з хвіліннай эмоцыі яна ператворыцца ў стабільны стан быцця, у глыбіннае пачуццё, якое абнаўляе паасобных людзей, групы і дыяцэзіяльную супольнасць”.

Сустрэча з дыяцэзіяльнай супольнасцю Мадрыда
Сустрэча з дыяцэзіяльнай супольнасцю Мадрыда   (@Vatican Media)

Пантыфік падкрэсліў, што дзякуючы хросту “многае з таго, што ў нас ужо было, ператвараецца, бо скіроўваецца да служэння, перастае быць прыватным дарам і пачынае служыць агульнаму дабру”. Ён заклікаў аб’яднаць таленты і сілы для выканання хрысціянскай місіі там, дзе “б’ецца пульс новай культуры і ствараюцца яе праекты”.

“Самым важным становіцца пытанне: ці тое, кім мы з’яўляемся і што робім як хрысціяне, даходзіць “туды, дзе нараджаюцца новыя гісторыі і парадыгмы”, гэта значыць да “найглыбейшых пластоў душы гарадоў”?”, - прапанаваў задумацца Леў XIV.

“Вось чаму так важна не рассейвацца і не закрывацца кожнаму ў сваёй групе ці рэальнасці, дзе чалавек ужо адчувае сябе ў бяспецы, сярод людзей, якія заўсёды спяваюць адну і тую ж мелодыю. Каб дастукацца да сэрца горада, трэба развіваць у сабе ўсведамленне таго, што праўда сімфанічная і заўсёды пераўзыходзіць нас, развіваць у сабе жаданне знайсці Уваскрослага, які заўсёды апярэджвае нас, ідзе перад намі і, магчыма, ужо прысутнічае там, дзе мы Яго яшчэ не шукалі”, - сказаў Папа, заклікаючы мадрыдскіх вернікаў без страху выходзіць насустрач людзям у сваім горадзе, дзе суіснуюць розныя традыцыі і “душы”.

Сустрэча з дыяцэзіяльнай супольнасцю Мадрыда
Сустрэча з дыяцэзіяльнай супольнасцю Мадрыда   (@Vatican Media)

Пантыфік нагадаў, што Бог ведае сэрца кожнага чалавека і прагне, каб усе збавіліся. “Прысутнасць Касцёла ў вялікім горадзе – гэта прыпавесць пра гэтую таямніцу збаўлення. Прыходзіць на розум Кніга прарока Ёны, адна з жамчужын Бібліі, якую я запрашаю вас прачытаць або перачытаць асабіста і ў супольнасці”, - параіў Святы Айцец.

“Няхай нішто вас не трывожыць і нішто не палохае! Разам, як дыяцэзіяльны Касцёл, вы можаце даць евангельскае сведчанне, якое вызваляе найлепшыя сілы чалавецтва, бамбардзіраванага вобразамі і словамі, але прагнучага справядлівасці і праўды”, - сказаў Папа, заклікаючы евангелізаваць з упэўненасцю ў тым, што людзі могуць вярнуцца да веры або спазнаць яе ўпершыню нават у дарослым узросце.

Сустрэча з дыяцэзіяльнай супольнасцю Мадрыда
Сустрэча з дыяцэзіяльнай супольнасцю Мадрыда   (@Vatican Media)

Леў XIV заахвоціў святароў цаніць “практыку супольнага распазнавання як адну з найвялікшых магчымасцяў, якія сінадальнасць прапануе іх служэнню”, а таксама рэгулярна размаўляць з вернікамі пра жыццё ў іх раёнах, культурныя змены, сацыяльную напружанасць, касцельную практыку ў святле Евангелля. Пантыфік заклікаў не зводзіць касцельнае жыццё да руціны, у якой кожны застаецца закрытым у сваіх звычках і сваёй ролі.

“Будзьце для ўсіх як разгорнутай Біблія: няхай на вашых тварах і ў вашым жыцці людзі сустракаюць Слова Божае. Любоў – гэта мова, якая дазваляе кожнаму адчуць сябе дома”, - завяршыў свой зварот Папа.
 

08 чэрвеня 2026, 20:40