Пошук

Джэй Дзі Вэнс у Акадэміі Ваенна-паветраных сіл Злучаных Штатаў Джэй Дзі Вэнс у Акадэміі Ваенна-паветраных сіл Злучаных Штатаў 

Вэнс у ваеннай акадэміі ЗША падтрымаў пазіцыю Папы адносна ШІ

Віцэ-прэзідэнт ЗША заявіў, што падзяляе занепакоенасць Папы Льва XIV адносна выкарыстання штучнага інтэлекту ў ваенных дзеяннях.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

28 мая 2026 года падчас урачыстасці ўручэння дыпломаў у Акадэміі Ваенна-паветраных сіл Злучаных Штатаў у Каларада-Спрынгс Джэй Дзі Вэнс звярнуўся да выпускнікоў з прамовай. Палітык, вядомы як прыхільнік тэхналогій штучнага інтэлекту, адзначыў, што грамадства цалкам абгрунтавана занепакоена наступствамі гэтых інавацый.

Спасылаючыся на новую энцыкліку Папы Льва XIV "Magnifica humanitas”, аб клопаце пра чалавечую асобу ў эпоху штучнага інтэлекту, у якой Пантыфік заклікаў да самых строгіх этычных абмежаванняў у прымяненні камп'ютарных сістэм падчас войнаў. "Я хачу падтрымаць гэты заклік і паказаць яго канкрэтнае значэнне для кожнага з вас", - заявіў амерыканскі віцэ-прэзідэнт, нагадваючы выпускнікам, што менавіта на іх у будучыні кладзецца велізарная адказнасць за справядлівае вядзенне вайны.

Палітык асабліва падкрэсліў, што захаванне маральных прынцыпаў мінулага немагчыма без удзелу чалавечага сумлення і волі. "Калі будучыя ваенныя дзеянні павінны адпавядаць маральным каштоўнасцям нашых продкаў, рашэнні наконт жыцця і смерці павінны прымацца людзьмі, а не машынамі", - сказаў Вэнс.

На думку віцэ-прэзідэнта, штучны інтэлект незваротна змяняе поле бою – у нейкіх аспектах станоўча, а ў нечым адмоўна. Таму ён заклікаў будучых афіцэраў рупліва ахоўваць сваё выключнае права быць тымі, хто прымае канчатковыя рашэнні.

"Выкарыстоўвайце тэхналогію, каб стаць лепшымі, але ніколі ёй не падпарадкоўвайцеся. Вы – гаспадары вайны, а як ваш розум, так і сэрца з’яўляюцца супрацьлегласцю таму, што штучнае", - рэзюмаваў прамоўца.

Паводле даўняй традыцыі, кіраўніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі кожны год выступае перад выпускнікамі адной з вышэйшых ваенных навучальных устаноў краіны.
 

30 мая 2026, 10:37