Марка Рубіа: Святы Пасад – глабальная сіла і важны партнёр
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне ў аўторак, 5 мая 2026 года, Марка Рубіа падкрэсліў важнасць дыялогу са Святым Пасадам. Паводле яго слоў, гэты візіт планаваўся ўжо даўно і не з'яўляецца рэакцыяй на нядаўнія крытычныя выказванні амерыканскага прэзідэнта на адрас Папы. Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі адзначыў, што ў цэнтры ўвагі будуць найперш змястоўныя пытанні.
Абарона рэлігійнай свабоды і гуманітарнае супрацоўніцтва
Сярод галоўных тэм для абмеркавання Рубіа назваў абарону рэлігійнай свабоды і праблему пераследу хрысціян у свеце. Ён асобна згадаў сітуацыю ў Афрыцы, дзе Касцёл дынамічна развіваецца, але адначасова сутыкаецца з сур'ёзнымі выклікамі.
Адказваючы на пытанні аб крытыцы з боку Дональда Трампа ў кантэксце іранскай праблемы, дзяржсакратар падкрэсліў, што адміністрацыя ЗША катэгарычна супраць ядзернага ўзбраення Ірана.
У сваю чаргу, сам Папа ў аўторак, 5 мая 2026 года, абверг заявы пра нібыта лаяльнае стаўленне Касцёла да іранскай ядзернай зброі, нагадаўшы, што Святы Пасад ужо шмат гадоў паслядоўна выступае супраць любога ядзернага арсенала.
Глабальная роля Святога Пасада
Візіт Рубіа супадае з першай гадавінай пантыфікату Льва XIV. Дзяржаўны сакратар асабліва адзначыў, што Святы Пасад – гэта не толькі рэлігійны цэнтр, але і дзяржава з глабальнай прысутнасцю. Менавіта таму Вашынгтон традыцыйна падтрымлівае рэгулярны абмен меркаваннямі са Святым Пасадам.
Праграма візіту Рубіа ў Рым таксама ўключае перамовы з Дзяржаўным сакратаром кардыналам П'етра Паралінам і прадстаўнікамі ўрада Італіі – прэм'ер-міністрам Джорджай Мелоні і віцэ-прэм'ерам Антоніа Таяні.