Пантыфік сустрэнецца з дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіа
7 мая 2026 года Леў XIV правядзе шэраг важных сустрэч з палітычнымі лідарамі. Ён сустрэнецца з дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіа, а таксама прыме на аўдыенцыі прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска.
Марыя Валодзіна - Vatican News
7 мая 2026 года ў 11:30 гадзін раніцы ў Апостальскім палацы адбудзецца аўдыенцыя Льва XIV для дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіа. Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, амерыканскі палітык прыбудзе ў Ватыкан у 11:15.
Леў XIV ужо сустракаўся з дзяржаўным сакратаром ЗША 18 мая 2025 года падчас святой Імшы з нагоды пачатку пантыфікату. Тады разам з Рубіа на Імшы прысутнічаў і віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс. На наступны дзень, 19 мая 2025 года, адбылася двухбаковая сустрэча Святога Айца з Вэнсам і Рубіа.
Раніцай 7 мая Папа таксама прыме на аўдыенцыі ў Ватыкане прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска. Сустрэча з ім запланавана на 9:00 раніцы.
05 мая 2026, 12:26
