Бежанцы знайшлі прытулак у Бейруце пасля эскалацыі паміж "Хезбалой" і Ізраілем Бежанцы знайшлі прытулак у Бейруце пасля эскалацыі паміж "Хезбалой" і Ізраілем 

Медыцына і хлеб: новыя праекты Касцёла для ліванскіх бежанцаў

Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” пашырае гуманітарную місію ў Ліване. Новы пакет дапамогі ўключае стварэнне медыцынскага цэнтра і падтрымку тысяч асоб, якія пакінулі свае дамы праз ваенныя дзеянні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У панядзелак, 23 сакавіка 2026 года, прадстаўнікі фонду абвясцілі пра запуск медыцынскага праекта ў паўднёвым рэгіёне Клая. У супрацоўніцтве з Мараніцкай Каталіцкай Царквой там будзе створаны цэнтр аператыўнай дапамогі. Фонд бярэ на сябе выплату заробкаў медыкам і пастаўку медыкаментаў, якіх катастрафічна не хапае пасля нядаўніх ваенных дзеянняў.

Харчовая бяспека і святло ў цемры

Адначасова з медыцынай, “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” пашырае падтрымку ўнутрана перамешчаных асоб. У дыяцэзіі Сідон на паўднёвым захадзе краіны каля 1500 чалавек атрымаюць прадукты і тавары першай неабходнасці. Яшчэ больш маштабная акцыя рыхтуецца ў даліне Бекаа, дзе падтрымку атрымаюць амаль 8000 бежанцаў.

Акрамя ежы, востра стаіць праблема дэфіцыту паліва. Праз пастаянныя адключэнні электрычнасці шматлікія грамадскія ўстановы залежаць ад генератараў. Папскі фонд плануе павялічыць субсідыі на набыццё паліва, каб жыццёва важныя аб’екты маглі працягваць працу ва ўмовах энергетычнага крызісу.

Клопат пра дзяцей: душпастырства сярод руін

Асаблівую ўвагу арганізатары надаюць псіхалагічнаму стану падлеткаў. Сем’і бежанцаў атрымаюць спецыяльныя пакеты, якія, акрамя матэрыяльных рэчаў, будуць утрымліваць Бібліі і гульні. Гэта павінна дапамагчы дзецям хоць на нейкі час адцягнуць увагу ад жахаў вайны і знайсці духоўную апору ў суровых умовах выгнання.

Касцёл у Ліване застаецца адным з нямногіх інстытутаў, здольных забяспечыць сістэмную дапамогу пацярпелым. Новыя ініцыятывы папскага фонду пацвярджаюць гатоўнасць вернікаў ва ўсім свеце заставацца побач з тымі, хто апынуўся ў эпіцэнтры гуманітарнай катастрофы.
 

23 сакавіка 2026, 11:25