Надзея на мяжы: нунцый наведаў вёскі на поўдні Лівана
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прадстаўнік Святога Пасада здзейсніў паездку з Бейрута на самы поўдзень краіны, дасягнуўшы так званай “блакітнай лініі”. Арцыбіскуп апісаў пабачанае як “пустынныя зоны без ніводнай жывой душы”, дзе балючая цішыня перарываецца толькі гукамі мінамётных стрэлаў.
Як паведамляе Сальваторэ Чэрнуцыо з італьянскай рэдакцыі “Vatican News”, гэта ўжо другі візіт нунцыя ў рэгіён за апошнія дні, які ажыццяўляецца пад агнём канфлікту.
У межах місіі ў вёскі Рмэш, Дэбель і Айн-Эбель прыбыў гуманітарны канвой з шасці грузавікоў. Арцыбіскуп Борджа падкрэсліў, што прывёз не толькі матэрыяльную падтрымку, але і пасланне блізкасці ад Папы Льва XIV і ўсяго Касцёла. Ён нагадаў заклік Пантыфіка да міру, які з’яўляецца адзіным святлом у цяперашні час цемры для жыхароў Блізкага Усходу.
На зваротным шляху нунцый наведаў Тыра, дзе сустрэўся з шыіцкім рэлігійным аўтарытэтам шэйхам Рабі Ахбейсі і групай бежанцаў, якіх прыняла мараніцкая супольнасць. Арцыбіскуп адзначыў, што вайна аднолькава жорстка б’е як па хрысціянах, так і па мусульманах. Паводле апошніх звестак, каля мільёна чалавек былі вымушаны пакінуць свае дамы ў выніку новай хвалі абстрэлаў.
Асабліва кранальным стаў візіт у вёску Айн-Эбель, дзе нядаўна ахвярамі эскалацыі сталі мірныя жыхары, і ў Рмэш, дзе мясцовы пробашч айцец Тоні Эліяс разам з вернікамі застаецца на месцы нават у самыя крывавыя моманты.
Нунцый са смуткам канстатаваў, што эскалацыя нападаў павялічвае пакуты народа, які патрабуе неадкладнай салідарнасці і малітвы ўсяго Касцёла.