Пошук

Жыхары Бейрута, вымушаныя пакінуць свае дамы Жыхары Бейрута, вымушаныя пакінуць свае дамы  (ANSA)

Езуіцкая служба папярэджвае пра гуманітарны крызіс у Ліване

Ліван, які пацярпеў ад шматлікіх войнаў, выбуху ў порце Бейрута ў 2020 годзе і маштабнага сацыяльна-эканамічнага крызісу, ізноў пад ударам. Ізраільскія напады ўзмацняюцца, што вядзе да гібелі людзей, пашкоджання маёмасці і непакоячых лічбаў новых бежанцаў.

Ян Глінскі

Ксёндз Даніэль Кору, які ўзначальвае Езуіцкую службу па справах бежанцаў (JRS) на Блізкім Усходзе і зараз знаходзіцца ў Бейруце, заклікае “неадкладна спыніць насілле”, бо колькасць бежанцаў непакоіць і ўражвае. “У нас няма дакладных дадзеных аб колькасці людзей, вымушаных уцякаць, але некаторыя ацэньваюць, што іх можа быць некалькі сотняў тысяч”, - паведаміў амерыканец-езуіт.

4 сакавіка 2026 года ў Міністэрстве сацыяльных спраў Лівана паведамілі, што ў цэнтрах для бежанцаў былі афіцыйна зарэгістраваныя 83 847 чалавек. Эскалацыя насілля прымушае ўсё больш сем’яў пакідаць свае дамы на поўдні краіны. На дарогах утвараюцца кіламетровыя заторы і калоны людзей, якія ўцякаюць пешшу.

Урад і Касцёл забяспечваюць прытулак для бежанцаў

У Бейруце, куды прыбываюць шматлікія ўцекачы, урад адкрыў пункты дапамогі, больш за 300 дзяржаўных школ пераабсталяваныя ў прытулкі. “Мы дакладна ведаем, што яны ўжо цалкам запоўненыя”, - падкрэслівае душпастыр.

Ізраільская армія публікуе спіс гарадоў і вёсак, якія будзе атакаваць

Армія абароны Ізраіля выдала загады аб эвакуацыі для дзясяткаў вёсак Лівана, пераважна на поўдні краіны. “Ізраільская армія публікуе спіс гарадоў і вёсак, якія будуць атакаваныя, у сваіх сацыяльных сетках, як на арабскай, так і на англійскай мовах; гэтыя паведамленні неадкладна распаўсюджваюцца ў іншых сацыяльных сетках і сярод ліванцаў”, - паінфармаваў айцец Даніэль Кору.

Ліванцы любяць сваю зямлю і хочуць вярнуцца

Езуіцкая служба па справах бежанцаў у гэтыя дні ў першую чаргу сканцэнтравана на аказанні дапамогі тым, хто пільна вымушаны быў пакінуць свае дамы. “Самае галоўнае – гэта бяспечнае месца. Уначы даволі холадна, на шчасце, няма дажджу. На дадзены момант патрэбныя базавыя прытулкі, туалеты, ежа і лекі”, - патлумачыў амерыканскі манах.

Езуіт падкрэслівае, што, нягледзячы на трагедыю цяперашняй сітуацыі, ліванцы маюць вялікую надзею, што яны змогуць вярнуцца ў свае наспех пакінутыя дамы. Як патлумачыў душпастыр, “ліванцы любяць сваю зямлю і хочуць жыць у міры, разам, у разнастайнасці, якая характарызуе гэтую краіну: яны хацелі б вярнуцца на 100 працэнтаў, але ім патрэбна бяспека”. Кіраўнік службы выказвае надзею, што насілле скончыцца, дыпламатыя вернецца на правільны шлях, а лідары будуць сур’ёзна ставіцца да патрэбаў людзей: “Людзям у гэтым рэгіёне патрэбны мір і стабільнасць, магчымасць клапаціцца пра свае сем’і, яны хочуць дапамагаць адзін аднаму, будаваць грамадзянскую супольнасць і карыстацца разнастайнасцю гэтага рэгіёна”.

Езуіцкая служба па справах бежанцаў

Езуіцкая служба па справах бежанцаў (JRS) – гэта міжнародная каталіцкая арганізацыя, якая пры ўдзеле членаў Таварыства Езуса і свецкіх людзей падтрымлівае бежанцаў па ўсім свеце. Сёння праграмы JRS дзейнічаюць у 58 краінах. Місія арганізацыі акрэслена трыма словамі: суправаджаць, служыць, падтрымліваць.
 

06 сакавіка 2026, 08:18