Пошук

Наступствы ізраільскага ўдара па Бейруце 5 сакавіка 2026 года Наступствы ізраільскага ўдара па Бейруце 5 сакавіка 2026 года  (AFP or licensors)

Патрыярхі Лівана заклікалі спыніць эскалацыю ў рэгіёне

Асамблея каталіцкіх патрыярхаў і біскупаў Лівана выступіла з заявай з нагоды небяспечнай эскалацыі ўзброеных канфліктаў на Блізкім Усходзе. Іерархі выказалі глыбокую занепакоенасць у сувязі з гібеллю нявінных мірных жыхароў, вымушанага перасялення сем’яў і пагаршэння гуманітарнай сітуацыі ў рэгіёне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Заяву падпісалі кіраўнікі Усходніх Цэркваў, у тым ліку Патрыярх Кілікійскі Рафаэль Бэдрас XXI Мінасян, Мельхіцкі Патрыярх Антыяхійскі Юсэф Абсі, Сірыйскі Патрыярх Ігнацій Юсеф III Юнан і Маранiцкi Патрыярх Бешара Бутрас Раі. У ёй адзначаецца, што працяг канфліктаў пагражае чалавечай годнасці і падрывае асновы справядлівасці і стабільнасці. Патрыярхі і біскупы далучаюцца да голасу Льва XIV, які падкрэсліў, што гвалт ніколі не бывае правільным выбарам, і людзі заўсёды павінны выбіраць дабро. Мір – гэта не другарадны або часовы выбар, а абавязак чалавека і калектыўная адказнасць, - гаворыцца ў дакуменце.

Патрыярхі заклікалі неадкладна спыніць спіраль гвалту і вярнуцца да канструктыўнага дыялогу і адказных дыпламатычных намаганняў па дасягненні агульнага дабра народаў, якія імкнуцца жыць у міры, справядлівасці і годнасці.

Асаблівы заклік быў адрасаваны ўладам Лівана. Іх заклікалі зрабіць усё магчымае, каб абараніць краіну ад рэгіянальных канфліктаў, захаваць яе ўнутранае адзінства і ўмацаваць грамадзянскі мір. Патрыярхі таксама заклікалі ўсе палітычныя партыі і рэлігійныя групы падтрымаць рашэнне ўрада аб абмежаванні паставак зброі.

Іерархі звярнуліся да міжнароднай супольнасці з заклікам прыкласці ўсе намаганні, каб не дапусціць далейшай эскалацыі і знайсці справядлівыя рашэнні, якія будуць гарантаваць правы народаў і чалавечую годнасць.

Патрыярхі запрасілі вернікаў і ўсіх людзей добрай волі аказаць дапамогу братам і сёстрам, якія застаюцца ў сваіх вёсках, дапамагаць бежанцам і маліцца за мір у Ліване і на Блізкім Усходзе.

У заяве таксама гучыць заклік прымаць перамешчаных грамадзянскіх асоб у духу Евангелля, памятаючы словы Езуса: “быў падарожным, і вы прынялі Мяне” (Мц 25:35).

Напрыканцы заявы каталіцкія патрыярхі даручылі Ліван, рэгіён і ўвесь свет Боскаму Провіду, просячы Бога дараваць нашаму неспакойнаму свету справядлівы і трывалы мір, накіраваць сэрцы да прымірэння і ўмацаваць крокі ліванскага народа на шляхах братэрства і гармоніі, дзякуючы заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Міру.

05 сакавіка 2026, 12:25