Нямецкі вайсковы біскуп Франц-Ёзэф Овербек у Зале Друку Святога Пасада. Архіўнае фота Нямецкі вайсковы біскуп Франц-Ёзэф Овербек у Зале Друку Святога Пасада. Архіўнае фота 

Між правам і сілай: ваенны ардынарый Германіі пра атаку на Іран

Нямецкі вайсковы біскуп Франц-Ёзэф Овербек раскрытыкаваў атаку ЗША і Ізраіля на Іран, назваўшы яе парушэннем міжнароднага права, якое падмывае падмуркі сусветнага парадку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тушыць пажар агнём – шлях у нікуды. Каментуючы сітуацыю для агенцтва “KNA”, эсэнскі біскуп Франц-Ёзэф Овербек адзначыў, што нават перад тварам жорсткасці рэжыму аятолаў нельга пераступаць праз закон. Паводле яго слоў, гэты ваенны чын аслабляе і без таго хісткую сістэму правілаў, ператвараючы міжнародныя адносіны ў зону, дзе пануе не сіла права, а выключна права моцнага.

Іерарх ставіць пад сумнеў і самі аргументы на карысць нападу. Калі Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі кажуць пра ядзерную пагрозу, варта памятаць, што падобныя прагнозы ў мінулым не раз аказваліся хібнымі. На думку біскупа, калі кожная дзяржава пачне апраўдваць сваю агрэсію “выключнымі абставінамі”, сусветны парадак канчаткова разваліцца.

Гэтая сітуацыя – сапраўдная пастка для сумлення. Біскуп Овербек прызнаецца, што адчувае ўнутраны разлад: з аднаго боку – абурэнне злачынствамі іранскага рэжыму, які ні ў што не ставіць чалавечае жыццё, з іншага – цвёрдае перакананне ў тым, што менавіта ў час вайны вернасць правілам важная як ніколі. “Калі мы дазволім праву сілы перамагчы, мы апынемся ў небяспечным тупіку”, - папярэджвае ён.

Пакуль палітыкі спрачаюцца, у каталіцкім ваенным душпастырстве расце трывога. Родныя нямецкіх жаўнераў, якія служаць у рэгіёне, жывуць у пастаянным страху, бо Іран ужо пачаў адказваць ударамі па аб’ектах, дзе знаходзяцца і сілы Бундэсвера.

Біскуп Овербек праз сваіх палявых капеланаў трымае руку на пульсе падзей. Папа Леў XIV таксама заклікае сусветных лідараў астыць і не дапусціць маштабнага пажару, які можа паглынуць увесь Блізкі Усход.
 

09 сакавіка 2026, 10:27