Пошук

Біскуп Франц-Ёзэф Овербек з нямецкімі вайскоўцамі падчас Юбілею ўзброеных сіл у Рыме Біскуп Франц-Ёзэф Овербек з нямецкімі вайскоўцамі падчас Юбілею ўзброеных сіл у Рыме 

Нямецкі ваенны ардынарый: аднаго пацыфізму недастаткова для міру

Нямецкі ваенны ардынарый заявіў, што ў сучасных умовах адзін толькі пацыфізм не здольны вырашыць канфлікты, а Еўропе неабходна інвеставаць у абарону.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Напярэдадні Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы каталіцкі ваенны ардынарый у Германіі, біскуп Франц-Ёзэф Овербэк у інтэрв’ю "KNA" падзяліўся трывожнымі думкамі аб будучыні міжнароднага парадку.

Паводле яго слоў, вайна Расіі супраць Украіны і непрадказальная палітыка адміністрацыі прэзідэнта Трампа разбураюць пачуццё бяспекі, якое існавала пасля Другой сусветнай вайны. Іерарх адзначыў, што давер да ЗША як да надзейнага партнёра змяншаецца, што патрабуе ад Еўропы большай самастойнасці ў пытаннях абароны.

Неабходнасць маральнага выбару

Біскуп Овербэк лічыць інвестыцыі ва ўзбраенне не проста магчымымі, а неабходнымі ў цяперашняй этычнай сітуацыі. Ён падкрэсліў, што гістарычны досвед паказвае: наяўнасць зброі і стратэгія стрымлівання дапамагалі захоўваць мір у Еўропе падчас Халоднай вайны.

Нават у пытанні інвестыцый касцельных банкаў у ваенную прамысловасць іерарх заклікае да маральнага ўзважвання ўсіх "за" і "супраць", праводзячы мяжу паміж нарошчваннем абароназдольнасці і экспартам зброі ў зоны канфліктаў.

Душпастырства ў эпоху дронаў

Змяненне характару войнаў – ад акопных бітваў да лічбавых і дронавых канфліктаў – патрабуе, на думку біскупа, абнаўлення каталіцкай мірнай этыкі. Хаця Касцёл па-ранейшаму адмаўляе выкарыстанне ядзернай зброі, пытанне яе функцыі як сродку стрымлівання застаецца вострым.

Біскуп падкрэсліў, што ваеннае душпастырства становіцца яшчэ больш запатрабаваным: больш за 90 адсоткаў салдат звяртаюцца да капеланаў, шукаючы этычнай арыентацыі, якую немагчыма знайсці ў межах каманднай структуры.

Пацыфізм і рэальнасць

Гаворачы пра пацыфізм, біскуп Овербэк выказаў павагу да людзей, якія захоўваюць ідэал міру як найвышэйшую каштоўнасць, але перасцярог ад наіўнасці. Ён нагадаў, што мір часта з’яўляецца вынікам складанай камбінацыі дыялогу і гатоўнасці да абароны.

У часы, калі лічбавізацыя і новыя тэхналогіі ператвараюць усю тэрыторыю краіны ў поле бою, Касцёл павінен дапамагчы вайскоўцам і іх сем’ям справіцца з ростам трывогі і этычнымі дылемамі сучаснасці.
 

14 лютага 2026, 10:51