Алімпійскі дух і сіла веры: спартсмены перад стартам у Мілане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Для многіх спартсменаў, якія рыхтуюцца да старту Гульняў 6 лютага 2026 года, спартыўная пляцоўка – гэта не толькі месца для рэкордаў, але і прастора для праслаўлення Бога. У перамогах і паразах яны знаходзяць духоўны сэнс, разглядаючы свой талент як місію.
Гэтыя глыбокія сведчанні сабрала і прадставіла каталіцкае агенцтва "OSV News", падкрэсліваючы важнасць духоўнага падмурка ў вялікім спорце.
Хакеістка Брыта Кёрл-Салемэ прызнаецца, што без каталіцкай веры яе жыццё ператварылася б у хаос. Кожную нядзелю яна ўдзельнічае ў святой Імшы, што дапамагае ёй захоўваць правільную перспектыву. Для 25-гадовай спартсменкі хакей – гэта “шлях да святасці”, дзе камандная праца патрабуе здольнасці “паміраць для сябе” на агульную карысць.
Гісторыя Джадзін О’Браен з каманды па бабслеі кранае сваёй глыбінёй. Яна пераадолела цяжкае захворванне ў дзяцінстве, абапіраючыся на малітву. Перад кожным спаборніцтвам дзяўчына робіць знак крыжа святой вадой там, дзе будзе выступаць. Паводле яе слоў, менавіта вера дазваляе ёй заставацца спакойнай у самыя напружаныя моманты, бо яна ведае: у Бога ёсць план для яе будучыні.
Яе напарніца Элана Маерс Тэйлар, самая тытулаваная чарнаскурая спартсменка ў гісторыі зімовых Гульняў, падкрэслівае, што знаходзіцца ў спорце найперш для таго, каб праслаўляць Бога. Маці дваіх дзяцей з асаблівасцямі здароўя, яна імкнецца паказаць свету, што з Хрыстом можна прайсці праз любыя выпрабаванні з радасцю.
Асаблівае месца ў алімпійскай камандзе займае фігурыст Максім Навумаў. Летась ён страціў бацькоў у авіякатастрофе, але знайшоў сілы працягваць кар’еру дзякуючы падтрымцы сябра-хрысціяніна Спенсэра Хоу. Навумаў не хавае сваёй веры: ён заўсёды носіць хростны крыжык і робіць знак крыжа перад выхадам на лёд. “Бог добры”, – кажа ён пасля кожнага поспеху, бачачы ў гэтым нябесную апеку.
Горналыжнік Сэм Морс, які заснаваў хрысціянскі лагер для падлеткаў, называе веру “клеем”, які трымае ўсё яго жыццё разам. Яго мэта – быць верным слугой Збаўцы на самых высокіх вяршынях.
Падобныя думкі выказвае і біятланіст Пол Шомер, выпускнік бенедыктынскага каледжа. Для яго малітва – гэта не проста просьбы, а здольнасць “замаўчаць і слухаць Бога”. Шомер перакананы, што яго ідэнтычнасць вызначаецца не вынікамі на трасе, а прыналежнасцю да Хрыста.