Біскупы ЗША пра бессэнсоўнасць массавай высылкі мігрантаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерархі памежных дыяцэзій Злучаных Штатаў выступілі з сумеснай заявай, у якой выказалі глыбокую заклапочанасць жорсткасцю міграцыйнай палітыкі. Яны падкрэслілі, што хоць суверэнная дзяржава мае права кантраляваць свае межы, выкананне законаў павінна адбывацца з павагай да годнасці чалавека.
Біскупы настойваюць на захаванні адзінства сем'яў і недатыкальнасці "адчувальных месцаў", такіх як касцёлы, школы і бальніцы, якія павінны заставацца вольныя ад затрыманняў.
У заяве таксама асуджаюцца метады запалохвання, выкарыстанне масак агентамі і беспадстаўныя праверкі. Арцыбіскуп Джон Вестэр адзначыў, што дакумент канкрэтызуе агульную пазіцыю епіскапату, які выступае супраць масавай дэпартацыі без разбору, што паводле Другога Ватыканскага Сабору з’яўляецца абразай чалавечай годнасці.
Іерархі заклікаюць адміністрацыю адмовіцца ад планаў па стварэнні маштабных лагераў для інтэрнаваных і даць законапаслухмяным мігрантам магчымасць "выйсці з ценю" і атрымаць грамадзянства.
Паводле статыстыкі, каля 60 працэнтаў асоб, якім пагражае высылка, – католікі, што робіць гэтую праблему прыярытэтнай для душпастырства Касцёла.