Сям'я мігрантаў самастойна дэпартуецца ў Мексіку пасля затрыманняў ICE ў Тэхасе Сям'я мігрантаў самастойна дэпартуецца ў Мексіку пасля затрыманняў ICE ў Тэхасе  (REUTERS)

Біскупы ЗША пра бессэнсоўнасць массавай высылкі мігрантаў

Група з 20 амерыканскіх біскупаў заклікала прэзідэнта Дональда Трампа да гуманных рэформ у сферы міграцыі напярэдадні яго звароту да Кангрэса.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерархі памежных дыяцэзій Злучаных Штатаў выступілі з сумеснай заявай, у якой выказалі глыбокую заклапочанасць жорсткасцю міграцыйнай палітыкі. Яны падкрэслілі, што хоць суверэнная дзяржава мае права кантраляваць свае межы, выкананне законаў павінна адбывацца з павагай да годнасці чалавека.

Біскупы настойваюць на захаванні адзінства сем'яў і недатыкальнасці "адчувальных месцаў", такіх як касцёлы, школы і бальніцы, якія павінны заставацца вольныя ад затрыманняў.

Асаблівую ўвагу біскупы надалі пытанням рэлігійнай свабоды. Яны патрабуюць забяспечыць зняволеным мігрантам доступ да сакрамэнтаў і душпастырскай апекі.

У заяве таксама асуджаюцца метады запалохвання, выкарыстанне масак агентамі і беспадстаўныя праверкі. Арцыбіскуп Джон Вестэр адзначыў, што дакумент канкрэтызуе агульную пазіцыю епіскапату, які выступае супраць масавай дэпартацыі без разбору, што паводле Другога Ватыканскага Сабору з’яўляецца абразай чалавечай годнасці.

Іерархі заклікаюць адміністрацыю адмовіцца ад планаў па стварэнні маштабных лагераў для інтэрнаваных і даць законапаслухмяным мігрантам магчымасць "выйсці з ценю" і атрымаць грамадзянства.

Паводле статыстыкі, каля 60 працэнтаў асоб, якім пагражае высылка, – католікі, што робіць гэтую праблему прыярытэтнай для душпастырства Касцёла.
 

25 лютага 2026, 11:13