Штаб-кватэра ААН ў Нью-Ёрку. Ілюстрацыйнае фота Штаб-кватэра ААН ў Нью-Ёрку. Ілюстрацыйнае фота 

ААН: для аднаўлення эфектыўнасці неабходныя тэрміновыя рэформы

У сучасных умовах слабасці шматбаковага супрацоўніцтва неабходна дзейнічаць хутка. Рэформа – неабходны крок. ААН павінна “скараціць бюракратыю, пазбягаць дубліравання функцый, палепшыць каардынацыю і рэзка знізіць выдаткі”, - лічыць генеральны сакратар Асацыяцыі валанцёраў для міжнароднай службы (AVSI) Джампаола Сільвестры.

Тэкст: Раберта Пальялонга / Адаптацыя: Марыя Валодзіна

Прыкладна сем тысяч няўрадавых арганізацый і асацыяцый грамадзянскай супольнасці маюць кансультатыўны статус пры ААН. Пра многія з іх, за выключэннем некаторых добра асветленых у СМІ, амаль не гавораць. Між тым, яны з’яўляюцца ключавымі элементамі шматбаковай сістэмы, якія ўносяць непасрэдны ўклад у вызначэнне глабальнай палітыкі, аказваюць дапамогу насельніцтву ў крызісных сітуацыях і працуючы там, дзе часта адсутнічаюць дзяржаўныя інстытуты.

Шмат з гэтых арганізацый грунтуюцца на хрысціянскіх каштоўнасцях, як, напрыклад, фонд AVSI, які працуе з “забытымі” гуманітарнымі крызісамі, рэалізуючы праекты развіцця і дапамогі насельніцтву М’янмы, Гаіці, Мазамбіка, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Паўднёвага Судана, Сірыі. “Гэта самыя складаныя для нас праекты, таму што людзі маюць надзённыя і сур'ёзныя патрэбы, а рэсурсаў бракуе, таму што пра іх амаль не гавораць, і таму што бяспека нашых супрацоўнікаў часта пад пагрозай”, - патлумачыў генеральны сакратар AVSI Джампаола Сільвестры.

Разважаць і дзейнічаць тэрмінова

Слабасць шматбаковага супрацоўніцтва непасрэдна ўплывае на працу такіх арганізацый, часткова з-за зніжэння эфектыўнасці супрацоўніцтва ААН з грамадзянскімі структурамі ў краінах, якія развіваюцца. Гэта патрабуе тэрміновых разважанняў і дзеянняў. Хоць пэсімізм адносна магчымасці перамен часам служаць апраўданнем адсутнасці рэформ, але ўсе прызнаюць, што без шматбаковасці нельга абысціся. Наддзяржаўныя, міжнародныя арганізацыі ў сферы міру і развіцця павінны існаваць. Неабходна толькі правесці іх глыбокую рэструктурызацыю, - лічыць эксперт.

Неабходнасць дзяржаўных інвестыцый

Для аднаўлення мадэлі, якая была створана пасля Другой сусветнай вайны, патрэбна рэформа інстытутаў ААН, пра якую гавораць ужо доўгі час. На думку Сільвестры, неабходныя змены ў кіраванні, аптымізацыя дзейнасці, аб’яднанне некаторых агентцваў, скарачэнне выдаткаў. Таксама неабходна, каб дзяржавы больш інвеставалі не толькі фінансава, але і ў паляпшэнне міжнародных інструментаў.

Праблемай з’яўляецца таксама стварэнне паралельных структур, якія не адпавядаюць прынцыпам шматбаковасці, але імкнуцца выконваць такую функцыю. Арганізацыі ўжо існуюць, застаецца толькі дамагчыся, каб яны працавалі эфектыўна. Падобную думку выказваў і генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, каментуючы стварэнне “Рады міру” (“Board of Peace”) для Газы ў інтэрв’ю італьянскай “La Repubblica” з нагоды адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў у Мілане і Карціна-д’Ампеца.

Адсутнасць рэсурсаў

Скарачэнне сродкаў на міжнародную дапамогу, у першую чаргу з боку ЗША, істотна адлюстравалася на эфектыўнасці працы ААН і яе партнёраў. Найбуйнейшыя агенцтвы, такія як ЮНІСЕФ, Сусветная харчовая праграма, Агенцтва ААН па справах бежанцаў (UNHCR), былі вымушаны звольніць тысячы супрацоўнікаў і амаль удвая скараціць бюджэты. Гэта непасрэдна ўплывае і на арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія працуюць у цесным партнёрстве з ААН. Некаторыя арганізацыі, напрыклад AVSI, адаптуюцца да гэтых змен, аднак усё роўна адчуваюць негатыўныя наступствы скарачэння фінансавання з боку ЗША, дзякуючы якому раней рэалізоўвалі многія праекты.

Рызыка фінансавага краху

Сільвестры адзначыў, што адказнасць за фінансавыя цяжкасці ААН не ляжыць толькі на ЗША, іншыя краіны таксама скарачаюць фінансаванне развіцця, што павышае рызыку “імінентнага фінансавага краху”, пра які нядаўна папярэдзіў генеральны сакратар ААН Гутэрыш. Аднак гэта можа стаць і стымулам для няўрадавых арганізацый: падштурхне многія з іх да пошуку новых крыніц падтрымкі – у прыватным сектары і ў буйных фондах.

Не дапусціць паўтарэння лёсу Лігі Нацый

Усе гэтыя праблемы ААН нагадалі пра правал Лігі Нацый, якая не здолела эфектыўна дзейнічаць паміж дзвюма сусветнымі войнамі і была расфарміраваная ў 1946 годзе. “Рэформа ААН – неабходны крок. Калі ААН не пойдзе на гэта, каб, у першую чаргу, скараціць бюракратыю, пазбягаць дубліравання функцый, палепшыць каардынацыю і рэзка знізіць выдаткі”, то яна можа паўтарыць лёс Лігі Нацый, - падкрэсліў Сільвестры. “Шлях будзе цяжкім: яго павінны прайсці структуры ААН, але асноўную ролю адыгрывае гатоўнасць дзяржаў-удзельніц прасоўвацца ў гэтым кірунку, бо менавіта яны з’яўляюцца актыўнымі членамі”, - заключыў эксперт.

10 лютага 2026, 12:37