Пошук

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра 

Балестрэра: цяжкасці ААН адлюстроўваюць крызіс шматбаковасці

Фінансавыя цяжкасці ААН становяцца ўсё больш трывожнымі і маюць структурны характар, заявіў пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, каментуючы папярэджанне генеральнага сакратара Антоніу Гутэрыша аб магчымым фінансавым банкруцтве ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв’ю ватыканскім СМІ арцыбіскуп Этарэ Балестрэра нагадаў, што папярэджанні кіраўніцтва ААН пра недахоп сродкаў гучаць ужо не ўпершыню. Напрыканцы 2025 года генеральны сакратар накіраваў у Генеральную асамблею даклад, у якім звяртаў увагу на цяжкае фінансавае становішча арганізацыі. З цягам часу крызіс абвастрыўся: расце нявызначанасць, пад пагрозай аказваецца рэалізацыя ключавых праграм.

Структурны фінансавы крызіс ААН

Паводле ватыканскага дыпламата, гэта структурны крызіс. Асаблівую заклапочанасць выклікаюць затрымкі ў аперацыйнай дзейнасці, складанасці з фінансаваннем міратворчых місій, выплатай заработнай платы супрацоўнікам і наймам новага персаналу. Ужо цяпер абмяркоўваецца скарачэнне бюджэту міратворчых аперацый прыкладна на 15 працэнтаў. “Балюча думаць аб скарачэнні гуманітарнай дапамогі, якая ўжо паслядоўна адбываецца і можа стаць яшчэ больш драконаўскай. Але празмерная залежнасць ад абмежаванай колькасці донараў пагаршае праблему ліквіднасці”, - сказаў назіральнік.

Крызіс шматбаковага супрацоўніцтва

На думку арцыбіскупа Балестрэра, фінансавы крызіс ААН – гэта люстэрка крызісу шматбаковасці, сімптом больш глыбокага крызісу, які ўяўляе сабой прызму з мноствам граняў. Ён праяўляецца ў паралічы міжнародных інстытутаў перад абліччам войнаў, у новай гонцы пераўзбраення і дэмантажы сістэмы раззбраення, створанай ААН пасля Другой сусветнай вайны. У якасці прыкладу ён прывёў спыненне дзеяння ядзернай дамовы “New Start” паміж ЗША і Расіяй. Да гэтых праблем дадаецца таксама эрозія вяршэнства закона, узмацненне логікі “права наймацнейшага” і распаўсюджванне эканамічнай палітыкі пратэкцыянісцкага характару.

Змена балансу і страта даверу

Паводле ацэнак эксперта, баланс сіл змяніўся, і сучасная ААН не здольная эфектыўна вырашаць новыя глабальныя праблемы. Асноўная прычына – змена сілавых адносін і міжнародных балансаў. Акрамя таго, назіраецца паступовая страта даверу да ідэі ўсеагульнага дабра, агульных правіл, якія могуць служыць усім, і пераважае ілюзія, што бяспека і развіццё могуць быць дасягнуты ў адзіночку. Рост няроўнасці таксама падрывае давер да шматбаковага супрацоўніцтва.

Пазіцыя Ватыкана

Пазіцыя Святога Пасада застаецца нязменнай, - нагадаў дыпламат. У свеце складаных выклікаў міжнародныя арганізацыі павінны спрыяць дыялогу, дапамагаць будаваць больш справядлівую планету. ААН павінна арыентавацца на адзінства чалавечай сям’і, а не на кароткатэрміновыя і аднабаковыя ідэалогіі або інтарэсы. Служыць месцам сустрэчы і дыялогу народаў.

Неабходнасць рэформы ААН

Пытанне рэформы ААН становіцца ўсё больш актуальным. Адказнасць за яе ляжыць, перш за ўсё, на дзяржавах-членах. Неабходныя палітычная воля і пачуццё агульнага дабра. Распаўсюджванне ўлады павінна суправаджацца сумеснай адказнасцю і супрацоўніцтвам з павагай да годнасці кожнага чалавека, падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада.

07 лютага 2026, 10:39