Швецыя: Каралева і кардынал аб’ядналіся супраць насілля
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На запоўненай да апошняга месца арэне ў Стакгольме 13 тысяч чалавек сабраліся, каб супрацьстаяць хвалі ўзброенай злачыннасці, якая захліснула Швецыю.
Унікальнасць падзеі надала прысутнасць каралевы Сільвіі і кардынала Андэрса Арбарэліуса, якія разам з палітыкамі і сем'ямі ахвяр выступілі за бяспеку будучых пакаленняў.
Гэтая маніфестацыя стала духоўным і маральным адказам на трывожную статыстыку: толькі ў мінулым годзе ў краіне адбылося 158 перастрэлак, у многіх з якіх пацярпелі або ўдзельнічалі непаўналетнія.
Кардынал Арбарэліус у сваім звароце зрабіў акцэнт на хрысціянскіх каштоўнасцях – патрэбе ў прабачэнні, прымірэнні і прызнанні годнасці кожнага чалавека. Касцёл у Швецыі бачыць сваю ролю ў тым, каб быць прасторай надзеі для тых, хто страціў блізкіх у выніку крымінальных войнаў або сутыкненняў банд.
Напярэдадні іерарх узнагародзіў аднаго з ініцыятараў руху, актывіста Себасцьяна Стаксета, дыяцэзіяльным медалём за яго нястомную працу з моладдзю, схільнай да крыміналу.
Прысутнасць манарха замацавала статус акцыі як агульнанацыянальнага прыярытэту. Каралева Сільвія, якая даўно супрацоўнічае з Святым Пасадам у галіне абароны правоў непаўналетніх, падкрэсліла, што права на бяспеку з’яўляецца фундаментальным для кожнага дзіцяці.
Са сцэны гучалі балючыя сведчанні бацькоў, чые дзеці загінулі ад выпадковых куль або былі ўцягнутыя ў злачынныя сеткі. Арганізатары адзначылі, што барацьба з насіллем – гэта не пытанне палітычных праграм, а маральная адказнасць дарослых перад будучыняй краіны.
Вечар завяршыўся супольнай экуменічнай малітвай, якая аб’яднала каралеўскі дом, іерархаў Касцёла і простых шведаў у адзіным парыве супраць абыякавасці і страху.