Кароль Швецыі Карл XVI Густаў і каралева Сільвія разам з прэм’ер-міністрам Ульфам Крыстэрсанам ушаноўваюць памяць ахвяр трагічнай страляніны каля адукацыйнага цэнтра "Campus Risbergska" ў Эрэбру. 05.02.2026 Кароль Швецыі Карл XVI Густаў і каралева Сільвія разам з прэм’ер-міністрам Ульфам Крыстэрсанам ушаноўваюць памяць ахвяр трагічнай страляніны каля адукацыйнага цэнтра "Campus Risbergska" ў Эрэбру. 05.02.2026  (AFP or licensors)

Швецыя: Каралева і кардынал аб’ядналіся супраць насілля

Каралева Сільвія і кардынал Андэрс Арбарэліус прынялі ўдзел у маштабнай стакгольмскай акцыі "Дастаткова", якая стала пачаткам народнага руху супраць насілля і бандытызму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На запоўненай да апошняга месца арэне ў Стакгольме 13 тысяч чалавек сабраліся, каб супрацьстаяць хвалі ўзброенай злачыннасці, якая захліснула Швецыю.

Унікальнасць падзеі надала прысутнасць каралевы Сільвіі і кардынала Андэрса Арбарэліуса, якія разам з палітыкамі і сем'ямі ахвяр выступілі за бяспеку будучых пакаленняў.

Гэтая маніфестацыя стала духоўным і маральным адказам на трывожную статыстыку: толькі ў мінулым годзе ў краіне адбылося 158 перастрэлак, у многіх з якіх пацярпелі або ўдзельнічалі непаўналетнія.

Кардынал Арбарэліус у сваім звароце зрабіў акцэнт на хрысціянскіх каштоўнасцях – патрэбе ў прабачэнні, прымірэнні і прызнанні годнасці кожнага чалавека. Касцёл у Швецыі бачыць сваю ролю ў тым, каб быць прасторай надзеі для тых, хто страціў блізкіх у выніку крымінальных войнаў або сутыкненняў банд.

Напярэдадні іерарх узнагародзіў аднаго з ініцыятараў руху, актывіста Себасцьяна Стаксета, дыяцэзіяльным медалём за яго нястомную працу з моладдзю, схільнай да крыміналу.

Прысутнасць манарха замацавала статус акцыі як агульнанацыянальнага прыярытэту. Каралева Сільвія, якая даўно супрацоўнічае з Святым Пасадам у галіне абароны правоў непаўналетніх, падкрэсліла, што права на бяспеку з’яўляецца фундаментальным для кожнага дзіцяці.

Са сцэны гучалі балючыя сведчанні бацькоў, чые дзеці загінулі ад выпадковых куль або былі ўцягнутыя ў злачынныя сеткі. Арганізатары адзначылі, што барацьба з насіллем – гэта не пытанне палітычных праграм, а маральная адказнасць дарослых перад будучыняй краіны.

Вечар завяршыўся супольнай экуменічнай малітвай, якая аб’яднала каралеўскі дом, іерархаў Касцёла і простых шведаў у адзіным парыве супраць абыякавасці і страху.
 

04 лютага 2026, 10:57