Турынская Плашчаніца: крытыка версіі аб мастацкім паходжанні
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Спецыялісты Трыстан Казаб’янка, Эмануэла Марынэлі і Алесандра П’яна выступілі з крытыкай даследавання Сісэра Мараэса, якое летам 2025 года выклікала рэзананс у медыяпрасторы.
Навукоўцы сцвярджаюць, што праца бразільца грунтуецца на метадалагічных памылках і не ўлічвае ўнікальныя фізіка-хімічныя ўласцівасці Плашчаніцы. Важна тое, што рэпліка экспертаў з’явілася ў тым жа выданні, якое раней дало пляцоўку для версіі аб “сярэднявечным фальсіфікаце”.
Аўтары крытычнага водгуку паказалі на шэраг дэфектаў у лічбавым мадэляванні: ад памылак у анатоміі і росце “Чалавека Плашчаніцы” да выкарыстання баваўнянай тканіны замест ільняной. Акрамя таго, мадэль Мараэса ігнаруе наяўнасць сапраўднай крыві і надзвычайную павярхоўнасць выявы, якую немагчыма перадаць мастацкімі сродкамі Сярэднявечча. Эксперты нагадалі, што падобныя гіпотэзы пра барэльефы былі вывучаны і адхілены навукай яшчэ ў 1980-я гады.
Даследчыкі падкрэслілі, што выява аголенага Хрыста ў сцэне пасля ўкрыжавання была абсалютна нетыповай для мастацкага кантэксту Францыі XIV стагоддзя. Хоць Мараэс у сваім адказе спрабуе абараніць метадалогію, ён не можа растлумачыць з’яўленне такога ўнікальнага аб’екта ў маленькай французскай вёсцы.
Гэтая дыскусія яшчэ раз даказвае, што вывучэнне Плашчаніцы патрабуе выключнай строгасці і ўліку ўсіх шматлікіх фактараў – ад лічбавых да гістарычных.