Турынская Плашчаніца Турынская Плашчаніца 

Турынская Плашчаніца: крытыка версіі аб мастацкім паходжанні

Навуковы часопіс “Archaeometry” апублікаваў грунтоўнае абвяржэнне гіпотэзы бразільскага даследчыка, які лічыў Турынскую Плашчаніцу сярэднявечным барэльефам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Спецыялісты Трыстан Казаб’янка, Эмануэла Марынэлі і Алесандра П’яна выступілі з крытыкай даследавання Сісэра Мараэса, якое летам 2025 года выклікала рэзананс у медыяпрасторы.

Навукоўцы сцвярджаюць, што праца бразільца грунтуецца на метадалагічных памылках і не ўлічвае ўнікальныя фізіка-хімічныя ўласцівасці Плашчаніцы. Важна тое, што рэпліка экспертаў з’явілася ў тым жа выданні, якое раней дало пляцоўку для версіі аб “сярэднявечным фальсіфікаце”.

Навуковае абвяржэнне пацвердзіла асцярогі захавальніка Плашчаніцы, кардынала Раберта Рэполе, наконт павярхоўнасці высноў Мараэса.

Аўтары крытычнага водгуку паказалі на шэраг дэфектаў у лічбавым мадэляванні: ад памылак у анатоміі і росце “Чалавека Плашчаніцы” да выкарыстання баваўнянай тканіны замест ільняной. Акрамя таго, мадэль Мараэса ігнаруе наяўнасць сапраўднай крыві і надзвычайную павярхоўнасць выявы, якую немагчыма перадаць мастацкімі сродкамі Сярэднявечча. Эксперты нагадалі, што падобныя гіпотэзы пра барэльефы былі вывучаны і адхілены навукай яшчэ ў 1980-я гады.

Гістарычныя аргументы на карысць падробкі таксама аказаліся хісткімі і не адпавядаюць рэаліям гісторыі мастацтва.

Даследчыкі падкрэслілі, што выява аголенага Хрыста ў сцэне пасля ўкрыжавання была абсалютна нетыповай для мастацкага кантэксту Францыі XIV стагоддзя. Хоць Мараэс у сваім адказе спрабуе абараніць метадалогію, ён не можа растлумачыць з’яўленне такога ўнікальнага аб’екта ў маленькай французскай вёсцы.

Гэтая дыскусія яшчэ раз даказвае, што вывучэнне Плашчаніцы патрабуе выключнай строгасці і ўліку ўсіх шматлікіх фактараў – ад лічбавых да гістарычных.
 

10 лютага 2026, 10:08