Леў XIV пра крызіс слова: калі мова становіцца прыладай кантролю
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дэкан факультэта філасофіі Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ксёндз Гаэтана Пікала патлумачыў сутнасць папскай перасцярогі праз прызму класікі літаратуры.
Паводле езуіта, сучаснае “аслабленне слова” нагадвае оруэлаўскую “новамову” з рамана “1984”, дзе праз маніпуляцыю мовай ажыццяўляўся кантроль над думкамі. Ён падкрэсліў, што свабода слова гарантуецца менавіта яго пэўнасцю і адпаведнасцю ісціне, а не магчымасцю казаць што заўгодна.
Ксёндз Пікала, спасылаючыся на Марціна Хайдэгера і Джона Осціна, нагадаў, што словы – гэта нашы інструменты, якія павінны заставацца “чыстымі” для захавання цвярозага мыслення. Калі тэрмін адрываецца ад свайго значэння, ён губляе моц, што дазваляе выкарыстоўваць мову для фальсіфікацыі рэчаіснасці. Гэтае пытанне асабліва востра паўстае сёння, калі ў медыя сэнсы размываюцца, а папулярнасць і поспех часта становяцца важнейшымі за сумленнасць.
Звяртаючыся да спадчыны святога Аўгустына, навуковец адзначыў неабходнасць адказнага стаўлення да мовы як да спробы выказаць глыбокую думку. Людзі медыя нясуць асаблівую адказнасць за тое, каб іх паведамленні грунтаваліся на праўдзе, а не на маніпулятыўных схемах.
Менавіта ў вяртанні да першасных значэнняў Касцёл бачыць паратунак ад “убоства мовы” і дэградацыі грамадскага дыялогу.