Ваенная дапамога ЗША і тэрор: рэакцыя нігерыйскага епіскапату
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У выніковым дакуменце Пленарнай асамблеі, якая прайшла ў Абуджы, іерархі станоўча ацанілі ўвядзенне надзвычайнага становішча і актывізацыю войска. Аднак яны адзначылі, што краіна па-ранейшаму пакутуе ад масавых забойстваў.
У прыватнасці, біскупы ўзгадалі трагедыю ў вёсках Вора і Нуку, дзе джыхадзісты забілі больш за 200 чалавек, хрысціян і мусульман, за адмову прыняць фундаменталісцкі іслам. Насілле з боку бандытаў вымушае фермераў пакідаць гаспадаркі, што ставіць пад пагрозу харчовую бяспеку краіны.
Хоць знешняя дапамога заслугоўвае ўдзячнасці, бяспека Нігерыі – гэта перш за ўсё ўнутраная задача. Біскупы заклікалі ўрад паскорыць суды над тэрарыстамі і іх саўдзельнікамі. Яны адзначылі, што зацягванне працэсаў або амністыя для так званых “раскаяных” баевікоў “Бока Харам” стварае ўражанне саўдзелу ўлады ў злачынствах.
Крымінальныя групоўкі выкарыстоўваюць прыбыткі ад продажу золата і літыю для набыцця зброі. Біскупы заклікалі павялічыць колькасць “інспектары па наглядзе за здабычай” і забяспечыць іх сучаснымі тэхналогіямі, такімі як дроны і штучны інтэлект, для кантролю над аддаленымі шахтамі. Закон і справядлівасць павінны быць аднолькавымі для ўсіх, каб спыніць атмасферу безнаказанасці ў дзяржаве.