Вежа касцёла Унебаўзяцця НПМ у нігерыйскім Лагасе зафіксавана пасля авіяўдараў ЗША па ісламісцкіх баевіках Вежа касцёла Унебаўзяцця НПМ у нігерыйскім Лагасе зафіксавана пасля авіяўдараў ЗША па ісламісцкіх баевіках  (sodiq adelakun)

Ваенная дапамога ЗША і тэрор: рэакцыя нігерыйскага епіскапату

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Нігерыі падтрымала захады ўрада па барацьбе з тэрарызмам, але падкрэсліла, што лёс нацыі павінен заставацца ў руках саміх нігерыйцаў, нягледзячы на прыбыццё амерыканскіх ваенных саветнікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У выніковым дакуменце Пленарнай асамблеі, якая прайшла ў Абуджы, іерархі станоўча ацанілі ўвядзенне надзвычайнага становішча і актывізацыю войска. Аднак яны адзначылі, што краіна па-ранейшаму пакутуе ад масавых забойстваў.

У прыватнасці, біскупы ўзгадалі трагедыю ў вёсках Вора і Нуку, дзе джыхадзісты забілі больш за 200 чалавек, хрысціян і мусульман, за адмову прыняць фундаменталісцкі іслам. Насілле з боку бандытаў вымушае фермераў пакідаць гаспадаркі, што ставіць пад пагрозу харчовую бяспеку краіны.

Біскупы выказалі асцярожнасць адносна прысутнасці каля 200 амерыканскіх ваенных саветнікаў, накіраваных адміністрацыяй Трампа.

Хоць знешняя дапамога заслугоўвае ўдзячнасці, бяспека Нігерыі – гэта перш за ўсё ўнутраная задача. Біскупы заклікалі ўрад паскорыць суды над тэрарыстамі і іх саўдзельнікамі. Яны адзначылі, што зацягванне працэсаў або амністыя для так званых “раскаяных” баевікоў “Бока Харам” стварае ўражанне саўдзелу ўлады ў злачынствах.

Асаблівую ўвагу епіскапат звярнуў на незаконную здабычу карысных выкапняў, якая фінансуе тэрарызм.

Крымінальныя групоўкі выкарыстоўваюць прыбыткі ад продажу золата і літыю для набыцця зброі. Біскупы заклікалі павялічыць колькасць “інспектары па наглядзе за здабычай” і забяспечыць іх сучаснымі тэхналогіямі, такімі як дроны і штучны інтэлект, для кантролю над аддаленымі шахтамі. Закон і справядлівасць павінны быць аднолькавымі для ўсіх, каб спыніць атмасферу безнаказанасці ў дзяржаве.
 

27 лютага 2026, 11:29