Біскуп з Паўднёвага Тыроля пра алімпійскі дух у падзеленым свеце
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
З 8 па 21 лютага 2026 года італьянскі Анхольц-Антэрсельва ўпершыню прыме зімовыя Алімпійскія гульні. Біскуп дыяцэзіі Бозэн-Брыксен Іва Музер у сваім звароце падкрэсліў, што за спартыўным азартам стаіць нешта значна большае, чым проста барацьба за медалі.
Паводле слоў іерарха, якія прыводзіць сайт дыяцэзіі, сустрэча спартсменаў і гасцей з усяго свету павінна стаць прасторай справядлівага суіснавання і павагі да дасягненняў іншых.
У эпоху глабальных падзелаў супольныя мірныя сустрэчы набываюць асаблівую каштоўнасць. Біскуп Музер перакананы, што алімпійская ідэя запрашае будаваць масты праз межы і адрозненні, ствараючы падмурак для супольнага жыцця не толькі на час спаборніцтваў.
Хрысціянскі погляд на спорт дазваляе ўбачыць у трэніроўках і спаборніцтвах школу характару. Іерарх з Паўднёвага Тыроля нагадаў, што трываласць, канцэнтрацыя і камандны дух патрэбны не толькі на лыжні ці агнявым рубяжы, але і ў штодзённасці.
Перамогі і паразы, на думку біскупа Музера, павінны прымацца з годнасцю, а ўменне прызнаваць межы і паважаць саперніка з’яўляецца прыкладам, які выходзіць далёка за межы спартыўных арэн.