Пошук

На вуліцах Мілана На вуліцах Мілана  (AFP or licensors)

Спорт як мова міру: погляд аўстрыйскага біскупа на Гульні-2026

Адказны за пытанні спорту ў епіскапаце Аўстрыі біскуп Алаіз Шварц падкрэсліў важнасць Алімпійскіх гульняў як сімвала еднасці чалавечай сям’і ў свеце, поўным канфліктаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Напярэдадні зімовых Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць з 6 па 22 лютага 2026 года ў Мілане і Карціна-д’Ампеца, біскуп Санкт-Пёльтэна Алаіз Шварц падзяліўся сваімі думкамі аб місіі спорту.

У інтэрв’ю дыяцэзіяльнай газеце "Kirche bunt", на якое спасылаецца агенцтва "Kathpress", іерарх адзначыў, што Алімпіяда валодае асаблівай мовай – мовай сумленнай барацьбы, павагі і сустрэчы па-за межамі дзяржаў.

Спорт як інструмент міру і выклікі камерцыялізацыі

Біскуп Шварц перакананы, што мір не ўзнікае аўтаматычна праз спартыўную падзею, аднак Гульні здольныя "адчыніць акно" для ўзаемнай ацэнкі і дыялогу.

У той жа час ён не абышоў увагай і вострыя пытанні камерцыялізацыі. "Дзе пануюць выключна эканамічныя інтарэсы, там спорт рызыкуе ператварыцца ў пляцоўку для рэкламы і гульняў улады", - перасцярог іерарх, нагадваючы, што з хрысціянскага пункту гледжання галоўным пытаннем застаецца: ці служыць гэтая падзея чалавеку, ці чалавек становіцца толькі сродкам для атрымання прыбытку.

Адказнасць за стварэнне і духоўная падтрымка атлетаў

Асобную ўвагу біскуп удзяліў экалагічнаму аспекту буйных спартыўных форумаў. Паводле яго слоў, часовыя пабудовы, велізарнае спажыванне энергіі і ўмяшанне ў навакольнае асяроддзе патрабуюць ад арганізатараў новых стандартаў, большай сціпласці і доўгатэрміновага планавання ў духу адказнасці за Божае стварэнне.

Біскуп Шварц прызнаўся, што плануе сачыць за спаборніцтвамі па тэлебачанні, асабліва за скачкамі з трампліна і горналыжнымі дысцыплінамі. Ён пажадаў удзельнікам Божага благаслаўлення, падкрэсліўшы сваё захапленне іх вытрымкай і ўменнем захоўваць унутраны спакой і сумленнасць нават пасля памылак.
 

28 студзеня 2026, 11:25