Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Венесуэлы заклікаюць да міру пасля ваеннага ўмяшання

Старшыня епіскапату Венесуэлы заклікаў да самастойнага і мірнага пераходу краіны да дэмакратыі пасля ваеннага ўмяшання ЗША.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю амерыканскаму часопісу “National Catholic Reporter” арцыбіскуп Хесус Гансалес дэ Саратэ падкрэсліў, што адказнасць за вырашэнне крызісу ляжыць перш за ўсё на саміх венесуэльцах. Хоць замежная дапамога неабходна, яна не стане эфектыўнай, калі будзе ігнараваць волю і інтарэсы мясцовага насельніцтва.

Паводле іерарха, сапраўдны мір павінен нараджацца з “праўды і справядлівасці”, а не з гвалтоўных рашэнняў.

Мір у Венесуэле немагчымы без даверу грамадзян і вяршэнства права

Арцыбіскуп адзначыў, што шматгадовыя няўдалыя спробы дыялогу выклікалі ў грамадстве глыбокі недавер да любых перамоў. Гэта прывяло да таго, што частка насельніцтва пачала шукаць іншыя шляхі вырашэння канфлікту, не заўсёды ўзважваючы наступствы. Важным сігналам адкрытасці да перамен, на думку Касцёла, павінна стаць неадкладнае вызваленне палітычных зняволеных.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што каталіцкія біскупы, якія заўсёды крытычна ставіліся да рэжымаў Чавеса і Мадура, цяпер сутыкаюцца з ціскам як урада, так і апазіцыі. Кожны бок жадае бачыць у Касцёле падтрымку сваіх партыйных пазіцый, у той час як іерархі імкнуцца заставацца голасам сумлення і абаронцамі правоў чалавека.

Крызіс міграцыі патрабуе супольных намаганняў і хрысціянскай салідарнасці

Асобную занепакоенасць біскупаў выклікае лёс венесуэльскіх мігрантаў. Арцыбіскуп Гансалес дэ Саратэ звярнуў увагу на неспрыяльныя змены ў міграцыйнай палітыцы шэрага краін, што пагаршае становішча тысяч людзей.

Венесуэльскі епіскапат падтрымлівае пастаянны кантакт з калегамі з іншых краін, каб забяспечыць абарону і падтрымку сваім суайчыннікам за мяжой.
 

14 студзеня 2026, 10:18