Пошук

Венесуэльскія біскупы падчас прэс-канферэецыі. Ілюстрацыйнае фота Венесуэльскія біскупы падчас прэс-канферэецыі. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Супакой і адзінства: заклік венесуэльскага епіскапату

Іерархі Венесуэлы заклікаюць да міру, асуджаюць насілле і просяць улады прымаць рашэнні, кіруючыся выключна дабром грамадзян, застаючыся побач з тымі, хто пакутуе ад беспарадкаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Канферэнцыя Біскупаў Венесуэлы выступіла з адмысловым пасланнем, выкліканым драматычнымі падзеямі, якія ахапілі краіну. Каталіцкія іерархі выказалі глыбокую заклапочанасць хваляй насілля і заклікалі грамадства да захавання спакою.

У сваім звароце яны падкрэслілі, што любыя крокі і палітычныя ініцыятывы павінны мець на мэце толькі росквіт і бяспеку народа.

На фоне складанай сітуацыі ў краіне пастыры заахвоцілі вернікаў да інтэнсіўнай малітвы. Яны просяць Бога адарыць венесуэльцаў неабходнай мудрасцю і духоўнай моцай, каб пераадолець выпрабаванні. Біскупы робяць акцэнт на важнасці нацыянальнага адзінства, без якога немагчыма пабудаваць стабільную будучыню. „Салідарызуемся з тымі, хто атрымаў раненні, і з сем’ямі загінулых”, - напісалі іерархі.

Прадстаўнікі епіскапату звярнуліся да Божага народа з заклікам не губляць надзеі і нястомна прасіць аб міры, які павінен запанаваць як у сэрцах кожнага чалавека, так і ў грамадстве ў цэлым. Яны перакананыя, што толькі дыялог і ўзаемадапамога могуць стаць выхадам з крызісу.

„Адкідваем усялякія формы насілля. Няхай нашы рукі адкрываюцца на сустрэчу і ўзаемную падтрымку”, - зазначаецца ў афіцыйным паведамленні.

Біскупы спадзяюцца на тое, што адказнасць за лёс краіны пераважыць вузкапартыйныя інтарэсы, а кожнае рашэнне будзе прадыктавана клопатам пра простых людзей.
 

05 студзеня 2026, 10:05