Пантыфік: выбраць шлях міру і гарантаваць суверэнітэт Венесуэлы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“З сэрцам, напоўненым глыбокай заклапочанасцю, сачу за развіццём сітуацыі ў Венесуэле. Дабро дарагога венесуэльскага народа павінна пераважаць над усялякімі іншымі меркаваннямі і заахвочваць да пераадолення гвалту і выбару шляхоў справядлівасці і міру, гарантуючы суверэнітэт краіны, забяспечваючы вяршэнства права, замацаванае ў Канстытуцыі, паважаючы правы чалавека і грамадзянскія правы кожнага і ўсіх, а таксама працуючы дзеля таго, каб разам будаваць спакойную будучыню супрацоўніцтва, стабільнасці і згоды, з асаблівай увагай да найбяднейшых, якія пакутуюць з прычыны складанай эканамічнай сітуацыі. Аб гэтым я малюся і заклікаю вас маліцца, даручаючы нашу малітву заступніцтву Маці Божай з Карамота і святых Хасэ Грэгорыа Эрнандэса і сястры Кармэн Рэндылес”, - падкрэсліў Пантыфік.
Леў XIV скіраваў таксама заклік у сувязі з трагічным пажарам у Швейцарыі, які забраў жыцці больш чым сарака чалавек у навагоднюю ноч. “Жадаю яшчэ раз выказаць сваю блізкасць усім, хто перажывае боль з прычыны трагедыі, што адбылася ў Кран-Мантане ў Швейцарыі. Запэўніваю ў сваёй малітве за загінуўшую моладзь, за параненых і іх родных”, - сказаў Папа.
На завяршэнне сустрэчы Пантыфік заклікаў захоўваць веру ў Бога міру, маліцца за народы, якія пакутуюць ад войнаў, і быць салідарнымі з імі.
