Пошук

Генеральны камісар UNRWA Філіпэ Лазарыні падчас размовы з Львом XIV Генеральны камісар UNRWA Філіпэ Лазарыні падчас размовы з Львом XIV  (@Vatican Media)

Будучыня палесцінцаў пад пагрозай: вынікі аўдыенцыі ў Ватыкане

Кіраўнік Агенцтва ААН па дапамозе палесцінскім бежанцам распавёў пра сустрэчу з Пантыфікам і крытычную важнасць працягу гуманітарнай місіі ў рэгіёне, які стаіць на мяжы катастрофы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас аўдыенцыі ў Ватыкане Генеральны камісар UNRWA Філіпэ Лазарыні абмеркаваў з Львом XIV імклівае пагаршэнне сітуацыі ў сектары Газа, на Заходнім беразе і ва Усходнім Іерусаліме.

Размова ішла не толькі пра бягучыя выклікі, але і пра магчымыя наступствы для ўсяго рэгіёна, калі дзейнасць Агенцтва будзе заблакавана без жыццяздольнай альтэрнатывы ў выглядзе моцных палесцінскіх інстытутаў.

Гісторыя UNRWA, якая налічвае больш за семдзесят гадоў, паводле слоў Лазарыні, з’яўляецца не прыкметай інстытуцыйнага правалу, а сведчаннем адсутнасці палітычнай волі сусветнай супольнасці. Агенцтва стваралася як часовы гуманітарны мост, аднак на працягу дзесяцігоддзяў яно вымушана выконваць функцыі дзяржавы, забяспечваючы адукацыю і першасную медыцынскую дапамогу.

У інтэрв’ю “Vatican News” кіраўнік Агенцтва падкрэслівае, што адукацыя застаецца адзінай каштоўнасцю, якую немагчыма адабраць у бежанцаў.

Для палесцінцаў, якія страцілі дамы і сродкі да існавання, школа стала сімвалам годнасці і надзеі на будучыню. Аднак сёння вучыць дзяцей, якія выраслі пад бамбардзіроўкамі і страцілі блізкіх, становіцца надзвычай складанай задачай. Лазарыні папярэджвае: калі не аднавіць навучанне зараз, свет атрымае страчанае пакаленне, што стане глебай для радыкалізму.

Генеральны камісар звярнуў увагу на непаслядоўнасць некаторых дзяржаў-донараў, якія выказваюць занепакоенасць лёсам мірных жыхароў, але адначасова абмяжоўваюць фінансаванне структуры з самай вялікай гуманітарнай прысутнасцю ў Газе. Ён нагадаў, што дапамога не абмяжоўваецца ежай – яна ўключае доступ да вады, вакцын і пачатковай адукацыі.

У кантэксце інфармацыйнай вайны Лазарыні заклікаў журналістаў да нястомнай, стараннай і крытычнай працы. Ён адзначыў, што адсутнасць доступу міжнародных медыя ў Газу стварае вакуум, які запаўняецца дэзінфармацыяй. На гэтым фоне падтрымка з боку Каталіцкага Касцёла становіцца для палесцінцаў важным знакам таго, што свет не адвярнуўся ад іх канчаткова.

Інтэрв'ю з Філіпэ Лазарыні
13 студзеня 2026, 09:37