Будучыня палесцінцаў пад пагрозай: вынікі аўдыенцыі ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас аўдыенцыі ў Ватыкане Генеральны камісар UNRWA Філіпэ Лазарыні абмеркаваў з Львом XIV імклівае пагаршэнне сітуацыі ў сектары Газа, на Заходнім беразе і ва Усходнім Іерусаліме.
Размова ішла не толькі пра бягучыя выклікі, але і пра магчымыя наступствы для ўсяго рэгіёна, калі дзейнасць Агенцтва будзе заблакавана без жыццяздольнай альтэрнатывы ў выглядзе моцных палесцінскіх інстытутаў.
Гісторыя UNRWA, якая налічвае больш за семдзесят гадоў, паводле слоў Лазарыні, з’яўляецца не прыкметай інстытуцыйнага правалу, а сведчаннем адсутнасці палітычнай волі сусветнай супольнасці. Агенцтва стваралася як часовы гуманітарны мост, аднак на працягу дзесяцігоддзяў яно вымушана выконваць функцыі дзяржавы, забяспечваючы адукацыю і першасную медыцынскую дапамогу.
У інтэрв’ю “Vatican News” кіраўнік Агенцтва падкрэслівае, што адукацыя застаецца адзінай каштоўнасцю, якую немагчыма адабраць у бежанцаў.
Для палесцінцаў, якія страцілі дамы і сродкі да існавання, школа стала сімвалам годнасці і надзеі на будучыню. Аднак сёння вучыць дзяцей, якія выраслі пад бамбардзіроўкамі і страцілі блізкіх, становіцца надзвычай складанай задачай. Лазарыні папярэджвае: калі не аднавіць навучанне зараз, свет атрымае страчанае пакаленне, што стане глебай для радыкалізму.
Генеральны камісар звярнуў увагу на непаслядоўнасць некаторых дзяржаў-донараў, якія выказваюць занепакоенасць лёсам мірных жыхароў, але адначасова абмяжоўваюць фінансаванне структуры з самай вялікай гуманітарнай прысутнасцю ў Газе. Ён нагадаў, што дапамога не абмяжоўваецца ежай – яна ўключае доступ да вады, вакцын і пачатковай адукацыі.
У кантэксце інфармацыйнай вайны Лазарыні заклікаў журналістаў да нястомнай, стараннай і крытычнай працы. Ён адзначыў, што адсутнасць доступу міжнародных медыя ў Газу стварае вакуум, які запаўняецца дэзінфармацыяй. На гэтым фоне падтрымка з боку Каталіцкага Касцёла становіцца для палесцінцаў важным знакам таго, што свет не адвярнуўся ад іх канчаткова.