Пошук

Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Дыялог у Белым доме: сустрэча Трампа з старшынёй епіскапату

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыняў у Белым доме арцыбіскупа Пола Коклі, новаабранага кіраўніка Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША, для прыватнай размовы аб актуальных выкліках для краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча, якая прайшла ў закрытым для прэсы фармаце, стала знакавай падзеяй, бо папярэдні кіраўнік епіскапату так і не змог сустрэцца з дзейнымі на той момант прэзідэнтамі.

Паводле заявы прадстаўніка епіскапату, арцыбіскуп Коклі меў магчымасць абмеркаваць з Дональдам Трампам і віцэ-прэзідэнтам Вэнсам пытанні, якія выклікаюць супольны інтарэс, а таксама акрэсліць тэмы для далейшага дыялогу. Нягледзячы на пратакольны характар сустрэчы, яна адбылася на фоне складаных адносін паміж рэлігійнымі лідарамі і адміністрацыяй.

Каталіцкія іерархі ЗША займаюць неадназначную пазіцыю адносна палітыкі Трампа: яны падтрымліваюць яго ініцыятывы ў сферы гендарнай палітыкі, аднак востра крытыкуюць падыходы да смяротнага пакарання і міграцыі.

Як паведамляе “OSV News”, амерыканскія біскупы раней прынялі адмысловае пастырскае пасланне, у якім выказалі занепакоенасць лёсам мігрантаў і выступілі супраць павальнай масавай дэпартацыі людзей.

Абарона жыцця і правоў чалавека застаецца прыярытэтам

Яшчэ адным пунктам напружанасці стала пытанне фінансавання абортаў. Біскупы ЗША рашуча выступілі ў абарону папраўкі Хайда, якая забараняе дзяржаўнае фінансаванне перарывання цяжарнасці, пасля таго як прэзідэнт заклікаў рэспубліканцаў быць “гнуткімі” ў гэтым пытанні падчас перамоў аб субсідыях на ахову здароўя.

Гэтая сустрэча ў Белым доме разглядаецца як спроба наладжвання прамой камунікацыі паміж Касцёлам і дзяржавай. Арцыбіскуп Коклі, выбраны на пасаду ў лістападзе 2025 года, выказаў удзячнасць за магчымасць дыялогу.

У сувязі з ростам уплыву адміністрацыі на сацыяльную сферу, біскупы бачаць у такіх кантактах магчымасць абараніць рэлігійныя свабоды і забяспечыць падтрымку найбольш уразлівым слаям насельніцтва.
 

13 студзеня 2026, 11:23