Дыялог у Белым доме: сустрэча Трампа з старшынёй епіскапату
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча, якая прайшла ў закрытым для прэсы фармаце, стала знакавай падзеяй, бо папярэдні кіраўнік епіскапату так і не змог сустрэцца з дзейнымі на той момант прэзідэнтамі.
Паводле заявы прадстаўніка епіскапату, арцыбіскуп Коклі меў магчымасць абмеркаваць з Дональдам Трампам і віцэ-прэзідэнтам Вэнсам пытанні, якія выклікаюць супольны інтарэс, а таксама акрэсліць тэмы для далейшага дыялогу. Нягледзячы на пратакольны характар сустрэчы, яна адбылася на фоне складаных адносін паміж рэлігійнымі лідарамі і адміністрацыяй.
Каталіцкія іерархі ЗША займаюць неадназначную пазіцыю адносна палітыкі Трампа: яны падтрымліваюць яго ініцыятывы ў сферы гендарнай палітыкі, аднак востра крытыкуюць падыходы да смяротнага пакарання і міграцыі.
Як паведамляе “OSV News”, амерыканскія біскупы раней прынялі адмысловае пастырскае пасланне, у якім выказалі занепакоенасць лёсам мігрантаў і выступілі супраць павальнай масавай дэпартацыі людзей.
Абарона жыцця і правоў чалавека застаецца прыярытэтам
Яшчэ адным пунктам напружанасці стала пытанне фінансавання абортаў. Біскупы ЗША рашуча выступілі ў абарону папраўкі Хайда, якая забараняе дзяржаўнае фінансаванне перарывання цяжарнасці, пасля таго як прэзідэнт заклікаў рэспубліканцаў быць “гнуткімі” ў гэтым пытанні падчас перамоў аб субсідыях на ахову здароўя.
Гэтая сустрэча ў Белым доме разглядаецца як спроба наладжвання прамой камунікацыі паміж Касцёлам і дзяржавай. Арцыбіскуп Коклі, выбраны на пасаду ў лістападзе 2025 года, выказаў удзячнасць за магчымасць дыялогу.
У сувязі з ростам уплыву адміністрацыі на сацыяльную сферу, біскупы бачаць у такіх кантактах магчымасць абараніць рэлігійныя свабоды і забяспечыць падтрымку найбольш уразлівым слаям насельніцтва.