Святая Зямля: пілігрымы вяртаюцца
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле справаздачы Міністэрства турызму Ізраіля, 2025 год стаў паваротным момантам у аднаўленні падарожжаў пасля зацяжной паўзы, выкліканай пандэміяй каронавіруса і ваеннымі дзеяннямі ў Газе. Краіну наведалі каля аднаго мільёна трохсот тысяч чалавек, сярод якіх большасць склалі грамадзяне Злучаных Штатаў Амерыкі, Францыі і Вялікабрытаніі.
Важным паказчыкам стала змяненне профілю тых, хто прыязджае: калі ў 2024 годзе пілігрымы складалі толькі 5 працэнтаў ад агульнай колькасці турыстаў, то ў першай палове 2025 года гэтая лічба вырасла амаль удвая. Большасць людзей едуць сюды, каб наведаць сваякоў або адпачыць, але менавіта рэлігійны турызм становіцца рухавіком адраджэння рэгіёна.
Лацінскі Патрыярхат Іерусаліма актыўна заахвочвае вернікаў не баяцца і вяртацца да месцаў, звязаных з жыццём Хрыста. Гэта не толькі духоўная патрэба, але і жыццёва важная падтрымка для мясцовых хрысціянскіх сем’яў, асабліва на Заходнім беразе Іардана. Для многіх з іх, хто стагоддзямі жыве на гэтай зямлі, турызм з’яўляецца адзінай крыніцай існавання, якая амаль цалкам знікла падчас канфлікту.
Кардынал П’ербатыста Піцабала запэўніў будучых гасцей, што пілігрымка ў Святую Зямлю з’яўляецца цалкам бяспечнай. Ён заклікаў хрысціян свету дакрануцца да чалавечай прыроды Збаўцы праз наведванне месцаў Яго зямнога шляху, што дапамагае зрабіць асабістую веру больш канкрэтнай і моцнай.
У Міністэрстве турызму Ізраіля спадзяюцца, што 2026 год прынясе яшчэ больш значны рост колькасці турыстаў і пілігрымаў.