Нуук, сталіца Грэнландыі, праз ілюмінатар самалёта Нуук, сталіца Грэнландыі, праз ілюмінатар самалёта   (AFP or licensors)

Маральны выбар: біскуп ваеннага ардынарыята ЗША пра Грэнландыю

Пастыр ваеннага ардынарыята ЗША заявіў, што амерыканскія вайскоўцы маюць маральнае права адмовіцца ад удзелу ў гіпатэтычным нападзе на Грэнландыю, калі гэта супярэчыць іх сумленню.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Цімаці Броліа ў інтэрв’ю праграме “Sunday” на BBC выказаў сур’ёзную заклапочанасць эскалацыяй рыторыкі вакол магчымага далучэння Грэнландыі да ЗША.

Рэзкая рыторыка Дональда Трампа наконт нацыянальнай бяспекі і адмова яго адміністрацыі выключыць ваенны сцэнарый у Грэнландыі вымусілі іерарха выступіць у абарону сумлення амерыканскіх салдат.

Арцыбіскуп, які з’яўляецца пастырам для амерыканскіх вайскоўцаў, падкрэсліў, што сітуацыя, калі салдат атрымлівае маральна сумніўны загад, ставіць яго ў вельмі цяжкае становішча. Аб гэтым паведамляе “OSV News”.

Тым не менш, з пункту гледжання каталіцкага вучэння, калі загад супярэчыць сумленню і маральным нормам, жаўнер мае права яго не выконваць. Гэта асабліва актуальна ў святле таго, што Грэнландыя з’яўляецца часткай Даніі — саюзніка па НАТА, і напад на яе стаў бы беспрэцэдэнтным актам агрэсіі ўнутры альянсу.

Іерарх заўважыў, што такія ваенныя перспектывы сур’ёзна псуюць міжнародны імідж Злучаных Штатаў. Традыцыйна Амерыка пазіцыянавала сябе як краіна, што рэагуе на прыгнёт, але ў выпадку з Грэнландыяй апраўдаць агрэсію немагчыма. Арцыбіскуп назваў ідэю нападу на дружалюбную нацыю непрымальнай і неразумнай.

Арцыбіскуп Броліа выступіў са сваёй заявай напярэдадні сумеснай дэкларацыі амерыканскіх кардыналаў, якія заклікалі да стварэння па-сапраўднаму маральнай замежнай палітыкі.

Гэтыя выступленні вышэйшага каталіцкага духавенства ЗША могуць сведчыць аб глыбокім расколе паміж рэлігійнымі каштоўнасцямі і бягучым палітычным курсам краіны.
 

20 студзеня 2026, 09:49