Пошук

Пажарнікі падчас тушэння пажару ў Лос-Анджэлесе Пажарнікі падчас тушэння пажару ў Лос-Анджэлесе  (ANSA)

Святы Айцец моліцца за ахвяр пажараў у ЗША

Па меншай меры 10 чалавек загінулі і каля 10 тысяч будынкаў было разбурана ў выніку пажараў, якія ахапілі захад ЗША. Францішак запэўніў насельніцтва рэгіёну ў сваёй духоўнай блізкасці і малітве.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Засмучаны гібеллю людзей і маштабнымі разбурэннямі, выкліканымі пажарамі ў раёне Лос-Анджэлеса, Яго Святасць Папа Францішак запэўнівае вас і супольнасці, якія пацярпелі ад гэтай трагедыі, у сваёй духоўнай блізкасці”, - напісаў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін у тэлеграме, накіраванай ад імя Пантыфіка арцыбіскупу Лос-Анджэлеса Хасэ Гомэсу.

“Давяраючы душы загінулых любячай міласэрнасці Усемагутнага Айца, Яго Святасць выказвае шчырыя спачуванні тым, хто аплаквае іх страту. Ён таксама моліцца аб дапамозе супрацоўнікам ратавальных службаў і перадае ўсім сваё благаслаўленне як задатак суцяшэння і сілы ў Пану”, - гаворыцца ў тэлеграме.

Пажары ў Лос-Анджэлесе і яго раёнах, якія пачаліся 7 студзеня 2025 года і прывялі да гібелі людзей і вялікіх разбурэнняў, сталі самымі маштабнымі ў гісторыі Каліфорніі. На дадзены момант эвакуіравана ўжо 360 тысяч чалавек. Паводле папярэдніх падлікаў, эканамічны ўрон можа скласці каля 135-150 мільярдаў долараў.
 

11 студзеня 2025, 10:50