Пошук

Папа: няма лепшай прафілактыкі нарказалежнасці, чым добрая сям'я

Будаваць Касцёл як дом для ўсіх, хто апынуўся на ўзбочыне жыцця, – заклікаў Леў XIV удзельнікаў міжнароднай сустрэчы, прысвечанай праблеме нарказалежнасці ў Лацінскай Амерыцы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

27 жніўня 2026 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў міжнароднай сустрэчы, прысвечанай прафілактыцы залежнасцей і вербаванню моладзі ў краінах Лацінскай Амерыкі. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Папская камісія па Лацінскай Амерыцы. Яе правядзенню таксама садзейнічалі Рада біскупскіх канферэнцый Лацінскай Амерыкі (CELAM), Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў (ААД) і Папская акадэмія жыцця. У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі рэлігійных цэнтраў дапамогі, прафілактыкі, рэабілітацыі і інтэграцыі моладзі з Азіі, Афрыкі, Еўропы і Амерыкі.

Папа адзначыў, што пакуты моладзі ад наркотыкаў патрабуюць усебаковага адказу: грамадскай прафілактыкі, навуковай дапамогі, правасуддзя з чалавечым тварам і блізкага душпастырскага суправаджэння. Уклад Касцёла павінен быць скіраваны на клопат, прысутнасць і аднаўленне грамадскага адзінства.

Леў XIV адзначыў, што чатыры напрамкі супрацоўніцтва ў гэтай сферы нагадваюць чатыры масты, якія прывялі да сустрэчы ў Ватыкане.

Першы мост – паміж Касцёлам і міжнароднымі арганізацыямі, паколькі “ніхто не можа пераадолець праблему наркотыкаў у адзіночку”. Папа асобна згадаў супрацоўніцтва паміж Арганізацыяй амерыканскіх дзяржаў і Радай біскупскіх канферэнцый Лацінскай Амерыкі, якія каардынуюць мясцовыя сеткі і выпусцілі дапаможнік па суправаджэнні і прафілактыцы залежнасцяў.

Другім мастом Пантыфік назваў супрацоўніцтва навукі і веры. Касцёл не імкнецца заняць месца нейранавукі, псіхіятрыі або сістэмы аховы здароўя, яго задача – асвятляць праблему святлом Евангелля, зыходзячы з усебаковага разумення чалавечай асобы, – сказаў Леў XIV.

Трэці мост – супрацоўніцтва ўнутры Касцёла, які “пілігрымуе” па розных кантынентах. Каб падзяліцца сваім болем, надзеямі і душпастырскім энтузіязмам, на сустрэчу прыбылі прадстаўнікі Амерыкі, Азіі, Афрыкі і Еўропы, – нагадаў Папа.

Чацвёрты мост – экуменічны. Леў XIV адзначыў, што Касцёл і касцёльныя супольнасці знаходзяць “вельмі пераканаўчую агульную мову веры”, каб суправаджаць і інтэграваць моладзь, якая пакутуе ад нарказалежнасці, падтрымліваючы яе патрэбы і мары.

Асобна Пантыфік спыніўся на ролі сям’і, якую Другі Ватыканскі Сабор назваў “хатнім Касцёлам” (пар. Lumen gentium, 11). Сям’я – гэта месца, дзе жыццё нараджаецца, захоўваецца і развіваецца. “Няма лепшай прафілактыкі нарказалежнасці, чым добрая сям’я”, – падкрэсліў ён.

Святы Айцец нагадаў пра пакуты многіх сем’яў, разбураных ужываннем наркотыкаў, гвалтам, злачынным вербаваннем дзяцей, беднасцю ці адсутнасцю магчымасцей. “Я хацеў бы выказаць адно жаданне: каб Касцёл быў сям'ёй для ўсіх людзей, якія апынуліся на ўзбочыне”, – сказаў ён, заклікаючы наследаваць Добрага Самараніна, які не прайшоў міма параненага чалавека. Неабходна будаваць Касцёл, які “спыняецца, набліжаецца, спачувае, лечыць раны, корміць і становіцца домам”, - зазначыў Папа.

27 жніўня 2026, 12:42