Леў XIV на Імшы ў Кастэль-Гандольфа: прыгажосць – у любові
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У папскай парафіі святога Тамаша з Віланова 15 жніўня 2026 года сабралася каля 2 тысяч вернікаў, каб удзельнічаць у Эўхарыстыі разам з Пантыфікам. Вялікая частка людзей сачыла за літургіяй праз вялікі экран на плошчы Свабоды, а 250 чалавек маліліся ў самім храме XVII стагоддзя.
Разам з Святым Айцом канцэлебравалі біскуп Альбана Вінчэнца Віва, пробашч ксёндз Тадэвуш Розмус, генеральны настаяцель салезіянаў ксёндз Фабіа Атард, генеральны пракуратар салезіянаў ксёндз П’ерфаўста Фрызолі і іншыя госці з духавенства.
Леў XIV, які праводзіць у Кастэль-Гандольфа свой другі этап адпачынку, звярнуўся да сабраных з глыбокай гаміліяй.
Любоў як найпрыгажэйшая аздоба чалавека
Папа адзначыў, што сапраўдную прыгажосць, якую мастакі прывыклі ўвасабляць у выяве Унебаўзятай, трэба шукаць у штодзённым жыцці. Яна прысутнічае ў вачах бацькоў, якія пасля працоўнага дня вяртаюцца да сваіх дзяцей, у клопаце бабуль і дзядуль пра ўнукаў, а таксама ў імкненні моладзі жыць сумленна. "Менавіта любоў – найпрыгажэйшая аздоба чалавека", - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы, што гэтае пачуццё ператварае і ўзносіць чалавека, робячы яго блізкім да Бога.
У сваёй гаміліі Леў XIV заклікаў перагледзець сучасныя эстэтычныя каноны, навязаныя спажывальніцтвам і геданізмам, якія ў выніку вядуць чалавека да трывогі. Ён патлумачыў, што сапраўднае хараство палягае не ў хаванні слядоў часу, а ў чысціні душы, здольнай выпраменьваць супакой і зычлівасць. Праз пакорнае служэнне ў “штодзённых малых справах”, пра якія казаў святы Павел VI, кожны хрысціянін можа прынесці крыху Неба на зямлю і ўзняць зямлю да Неба.
Ад ушанавання Багародзіцы – да святла Уваскрослага
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што светлае аблічча Багародзіцы адлюстроўваецца ў кожным, хто ідзе поруч з намі ў веры. Згадваючы параду святога Аўгустына лічыць уваскрасенне Хрыста галоўным компасам жыцця, Леў XIV патлумачыў глыбокую сувязь паміж гэтымі таямніцамі: менавіта таму, што Марыя ўжо ўвянчана славай Уваскрослага ў душы і целе, позірк на Яе дапамагае вернікам скіраваць уласнае жыццё да Хрыстовага святла.
Напрыканцы Святы Айцец заклікаў прыняць Маці Божую як заступніцу і суправаджальніцу на шляху да Неба.
