Леў XIV падчас Імшы ў парафіяльным касцёле Кастэль-Гандольфа Леў XIV падчас Імшы ў парафіяльным касцёле Кастэль-Гандольфа  (@Vatican Media)

Леў XIV на Імшы ў Кастэль-Гандольфа: прыгажосць – у любові

15 жніўня 2026 года Леў XIV узначаліў святую Імшу ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў папскай парафіі ў Кастэль-Гандольфа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У папскай парафіі святога Тамаша з Віланова 15 жніўня 2026 года сабралася каля 2 тысяч вернікаў, каб удзельнічаць у Эўхарыстыі разам з Пантыфікам. Вялікая частка людзей сачыла за літургіяй праз вялікі экран на плошчы Свабоды, а 250 чалавек маліліся ў самім храме XVII стагоддзя.

Разам з Святым Айцом канцэлебравалі біскуп Альбана Вінчэнца Віва, пробашч ксёндз Тадэвуш Розмус, генеральны настаяцель салезіянаў ксёндз Фабіа Атард, генеральны пракуратар салезіянаў ксёндз П’ерфаўста Фрызолі і іншыя госці з духавенства.

Леў XIV, які праводзіць у Кастэль-Гандольфа свой другі этап адпачынку, звярнуўся да сабраных з глыбокай гаміліяй.

Любоў як найпрыгажэйшая аздоба чалавека

Папа адзначыў, што сапраўдную прыгажосць, якую мастакі прывыклі ўвасабляць у выяве Унебаўзятай, трэба шукаць у штодзённым жыцці. Яна прысутнічае ў вачах бацькоў, якія пасля працоўнага дня вяртаюцца да сваіх дзяцей, у клопаце бабуль і дзядуль пра ўнукаў, а таксама ў імкненні моладзі жыць сумленна. "Менавіта любоў – найпрыгажэйшая аздоба чалавека", - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы, што гэтае пачуццё ператварае і ўзносіць чалавека, робячы яго блізкім да Бога.

Падчас Імшы ў папскай парафіі ў Кастэль-Гандольфа
Падчас Імшы ў папскай парафіі ў Кастэль-Гандольфа   (@Vatican Media)

У сваёй гаміліі Леў XIV заклікаў перагледзець сучасныя эстэтычныя каноны, навязаныя спажывальніцтвам і геданізмам, якія ў выніку вядуць чалавека да трывогі. Ён патлумачыў, што сапраўднае хараство палягае не ў хаванні слядоў часу, а ў чысціні душы, здольнай выпраменьваць супакой і зычлівасць. Праз пакорнае служэнне ў “штодзённых малых справах”, пра якія казаў святы Павел VI, кожны хрысціянін можа прынесці крыху Неба на зямлю і ўзняць зямлю да Неба.

Ад ушанавання Багародзіцы – да святла Уваскрослага

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што светлае аблічча Багародзіцы адлюстроўваецца ў кожным, хто ідзе поруч з намі ў веры. Згадваючы параду святога Аўгустына лічыць уваскрасенне Хрыста галоўным компасам жыцця, Леў XIV патлумачыў глыбокую сувязь паміж гэтымі таямніцамі: менавіта таму, што Марыя ўжо ўвянчана славай Уваскрослага ў душы і целе, позірк на Яе дапамагае вернікам скіраваць уласнае жыццё да Хрыстовага святла.

Напрыканцы Святы Айцец заклікаў прыняць Маці Божую як заступніцу і суправаджальніцу на шляху да Неба.
 

15 жніўня 2026, 11:54