Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Папа: Марыя – знак надзеі і спадарожніца на шляху веры

Марыя як Маці суправаджае чалавека на шляху веры, заступаецца за тых, хто церпіць, і нясе надзею, нагадаў Папа ў лісце да свайго спецыяльнага пасланніка на ўрачыстасці ў Прая-а-Марэ на поўдні Італіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV накіраваў ліст кардыналу Франчэска Монтэнэгра, арцыбіскупу-эмерыту Агрыджэнта, якога прызначыў сваім спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасці ў Прая-а-Марэ ў італьянскай Калабрыі.

14 і 15 жніўня 2026 года там пройдуць урачыстасці з нагоды 700-годдзя прыбыцця драўлянай статуі Маці Божай Гротскай. Кардынал Монтэнэгра ўзначаліць іх як прадстаўнік Святога Айца. Падзея мае важнае значэнне, бо гэта першае ў гісторыі дыяцэзіі Сан-Марка-Арджэнтанa-Скалеа прызначэнне папскага легата для ўдзелу ва ўрачыстасцях на яе тэрыторыі.

700 гадоў шанавання Маці Божай

Паводле мясцовай традыцыі, 14 жніўня 1326 года драўляная статуя Панны Марыі прыбыла ў Прая-а-Марэ з Рагузы, сённяшняга Дуброўніка, марскім шляхам. Карабель з хрысціянскім капітанам і мусульманскім экіпажам спыніўся каля ўзбярэжжа з-за раптоўнага бязветрыя. Паводле падання, матросы палічылі прычынай гэтага прысутнасць на караблі статуі Багародзіцы і запатрабавалі выкінуць яе ў мора. Капітан перанёс статую ў пячору на гары Вінджола і пакінуў яе там. Пасля гэтага ў рэгіёне адбыліся цудоўныя аздраўленні і іншыя падзеі, якія вернікі звязвалі з заступніцтвам Панны Марыі. Яны далі пачатак культу Маці Божай Гротскай.

Арыгінальная драўляная статуя, якую на працягу стагоддзяў ушаноўвалі ў санктуарыі, была скрадзена ў 1979 годзе і да сённяшняга дня не знойдзена. Цяпер у святыні знаходзіцца яе копія.

Марыя – знак надзеі і суцяшэння для пілігрымуючага народа

У сваім лісце да кардынала Франчэска Монтэнэгра Леў XIV адзначыў, што Маці Божая знаходзіцца ў Небе “як знак надзеі і суцяшэння для пілігрымуючага народа”, “дае спакойную перспектыву тым, хто церпіць у наш час” і няспынна заступаецца за іх “з мацярынскай любоўю”. Ён запэўніў мясцовую каталіцкую супольнасць у сваёй блізкасці і пажадаў, каб урачыстасці прынеслі шмат духоўных плёнаў.

Урачыстасці пасля пажару

Юбілейныя святкаванні пройдуць пасля пажару, які 13 ліпеня ахапіў тэрыторыю гары Вінджола. Полымя наблізілася да санктуарыя, і таму рэктар святыні ксёндз Паола Раймондзі прыняў рашэнне часова перанесці драўляную статую Маці Божай у іншае месца.
 

09 жніўня 2026, 09:39