Пошук

Папа падчас прыватнага візіту ў Джэнацана Папа падчас прыватнага візіту ў Джэнацана 

Леў XIV наведае санктуарый Маці Добрай Парады ў Джэнацана

Леў XIV здзейсніць візіт у марыйны санктуарый у Джэнацана, з якім яго звязвае шматгадовая гісторыя асабістай малітвы, аўгустынскай духоўнасці і даверу да Маці Добрай Парады.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прэфектура Папскага дома паведаміла, што Папа наведае санктуарый Маці Добрай Парады ў Джэнацана 7 верасня, у вігілію свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Пантыфік будзе цэлебраваць там святую Імшу, якая распачнецца ў 18.00.

Манахі Ордэну Святога Аўгустына апякуюцца санктуарыем у Джэнацана з 1200 года. У гэтай святыні захоўваецца старажытны абраз Багародзіцы, прывезены са Шкодэра ў Албаніі.

Пантыфік, будучы членам Ордэну Святога Аўгустына, неаднаразова наведваў санктуарый у Джэнацана і маліўся перад абразом Маці Добрай Парады. Ён выбраў гэтае месца для свайго першага нечаканага выезду за межы Ватыкана і Рыма, які здзейсніў 10 мая 2025 года – праз два дні пасля абрання Наступнікам святога Пятра. Візіт насіў прыватны характар. Падчас яго Леў XIV у малітве даверыў Багародзіцы сваю місію.

Звяртаючыся да жыхароў Джэнацана на прыступках храма, Папа сказаў, што прысутнасць Марыі з’яўляецца для іх вялікім дарам, але разам з тым і адказнасцю: “Як Маці ніколі не пакідае сваіх дзяцей, так і вы павінны быць вернымі Маці”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Санктуарый Маці Добрай Парады быў дарагім для Льва XIII, які ў 1903 годзе надаў святыні статус малой базілікі, хаця сам ніколі не змог яе наведаць. У 1959 годзе храм наведваў святы Ян XXIII, а ў 1993 годзе – святы Ян Павел II.
 

08 жніўня 2026, 12:09