Пошук

Святая Імша аб захаванні стварэння, 7 верасня 2025 года Святая Імша аб захаванні стварэння, 7 верасня 2025 года  (@Vatican Media)

Пантыфік узначаліць Імшу аб захаванні стварэння

Святая Імша аб захаванні стварэння з удзелам Льва XIV адбудзецца 1 верасня 2026 года ў Кастэль-Гандольфа. Эўхарыстыя распачне “Час Стварэння”, які працягнецца да 4 кастрычніка, успаміну святога Францішка Асізскага.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У наступны аўторак, 1 верасня 2026 года, Касцёле адзначыць Сусветны дзень малітвы аб захаванні стварэння. Як паведамілі Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Цэнтр вышэйшай адукацыі “Laudato si’”, у гэты дзень Пантыфік узначаліць святую Імшу, якая адбудзецца ў 18:30 у Папскіх садах у Кастэль-Гандольфа. Падчас цэлебрацыі будзе выкарыстаны спецыяльны фармуляр "pro custodia creationis", падрыхтаваны пры супрацоўніцтве некалькіх ведамстваў Рымскай курыі.

Эўхарыстыя распачне “Час стварэння” – штогадовы перыяд экуменічнай малітвы і клопату пра наш агульны дом, які працягнецца да 4 кастрычніка, дню ўспаміну святога Францішка Асізскага, 800-годдзе смерці якога адзначаецца сёлета. У гэты перыяд Касцёл разам з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі пакліканы аднавіць сваю прыхільнасць да захавання стварэння праз малітву, экалагічнае навяртанне і канкрэтныя ўчынкі клопату.

Префект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кардынал Майкл Чэрны адзначыў, што Эўхарыстыя, якую Папа будзе цэлебраваць у садах пад адкрытым небам, нагадвае аб тым, што ўсё стварэнне – гэта дар, а кожны дар нараджае адказнасць. Клопат пра стварэнне азначае таксама клопат пра жыццё, пра людзей, асабліва найбольш уразлівых, і будучыя пакаленні.

Генеральны дырэктар Цэнтра вышэйшай адукацыі “Laudato si’” кардынал Фабіа Баджа падкрэсліў, што захаванне стварэння і абарона чалавечай годнасці з’яўляюцца двума вымярэннямі адзінай місіі Касцёла. Клопат пра наш агульны дом азначае любоў да бліжняга, асабліва да тых, хто найбольш пакутуе ад дэградацыі навакольнага асяроддзя, беднасці, кліматычнага крызісу і канфліктаў.

Сёлетняе пасланне Папы на Сусветны дзень малітвы аб захаванні стварэння звяртае ўвагу на цесную сувязь паміж супакоем, аховай стварэння і чалавечай годнасцю. Святы Айцец заклікае накіроўваць рэсурсы на жыццё, развіццё і ўстойлівую будучыню, а не на насілле і разбурэнне.

25 жніўня 2026, 16:15