Леў XIV: шлях да міру пачынаецца з навяртання сэрца
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пантыфік нагадаў, што Хрыстус прыйшоў, каб мы мелі жыццё і мелі яго ў дастатку (пар. Ян 10,10), таму дар жыцця знаходзіцца ў самым цэнтры хрысціянскай місіі і паклікання будаваць цывілізацыю любові. Клопат пра зямлю, якая падтрымлівае жыццё, з’яўляецца адным з канкрэтных спосабаў аддаваць хвалу Творцу.
Святы Айцец звярнуў увагу на сувязь паміж шматлікімі крызісамі, чалавечымі пакутамі і пагаршэннем стану навакольнага асяроддзя. Ён назваў гэтыя з'явы “адзіным заклікам да аздараўлення і міру”, які зыходзіць ад параненага свету.
Супакой Хрыста і рэальнасць войнаў
Езус прапануе чалавецтву мір, які вынікае з Яго любові і клопату пра кожнага чалавека: “Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам” (Ян 14, 27). Аднак гэтае абяцанне міру рэзка кантрастуе з рэальнасцю сучаснага свету: замест таго каб перакаваць “мячы свае на аралы” (пар. Іс 2,4), народы працягваюць войны і гвалт, - напісаў Леў XIV.
Вайна забірае жыцці і разбурае стварэнне
Наступствы вайны не абмяжоўваюцца полем бою. Вайна забірае жыцці, разбурае сем’і і прымушае мільёны людзей пакідаць свае дамы, паглыбляючы страх, несправядлівасць і падзелы. Узброеныя канфлікты пакідаюць пасля сябе сацыяльныя і экалагічныя разбурэнні, якія могуць захоўвацца на працягу некалькіх пакаленняў. Вайна і дэградацыя навакольнага асяроддзя часта ўтвараюць замкнёнае кола: вайна разбурае экасістэмы, забруджвае паветра і ваду, пагаршае харчовую бяспеку, а гэта ўзмацняе беднасць і няроўнасць, выклікае новую сацыяльную напружанасць і спрыяе узнікненню далейшых канфліктаў, - падкрэсліў Папа.
Вайна пачынаецца ў сэрцы
Леў XIV назваў вайну не толькі палітычнай, але маральнай і духоўнай паразай, якая сведчыць пра глыбокую няздольнасць жыць паводле вобразу і падабенства Божага, шанаваць жыццё і клапаціцца пра давераную нам зямлю. У гэтым сэнсе вайна з'яўляецца “контрсведчаннем” Евангелля міру, - напісаў Святы Айцец.
Папа падкрэсліў, што карані войнаў і эксплуатацыі стварэння трэба шукаць у чалавечым сэрцы. Менавіта там сустракаюцца розум, жаданні, воля і сумленне, ідзе барацьба паміж любоўю і абыякавасцю, праўдай і ілюзіяй, справядлівасцю і несправядлівасцю. Канфлікты, якія мучаць чалавецтва, шмат у чым з’яўляюцца знешнім праяўленнем унутранага разладу. Калі сэрца чалавека заганнае, пакутуюць адносіны, а грамадскія структуры пачынаюць адлюстроўваць гэтае ўнутранае бязладдзе. Як казаў Бэнэдыкт XVI, “знешнія пустыні ў свеце разрастаюцца, таму што ўнутраныя пустыні сталі такімі бязмежнымі”.
Без навяртання сэрца мір будзе крохкім
Папа падкрэсліў, што для стварэння мірнага грамадства недастаткова рэфармаваць структуры, неабходна абнавіць сэрцы. Сярод глыбокіх прычын канфліктаў і эксплуатацыі стварэння ён назваў страту пачуцця межаў, жаданне дамінаваць, пагоню за імгненнай выгадай і няздольнасць прызнаць дадзеную Богам годнасць кожнага чалавека.
Заклік “перакаваць мячы свае на аралы” патрабуе не толькі знешніх калектыўных перамен, але і асабістага навяртання кожнага чалавека. “Без гэтага ўнутранага пераўтварэння мір будзе крохкім і нетрывалым”, - папярэдзіў Леў XIV. Наадварот, там, дзе сэрцы абнаўляюцца, адкрываюцца новыя магчымасці: тое, што выкарыстоўвалася для разбурэння, можа быць скіравана на служэнне жыццю, дапамогу бедным, кармленне галодных і захаванне стварэння.
Ад пустыні да саду, ад гвалту да міру
Папа заклікаў уявіць свет, у якім рэсурсы і намаганні, якія сёння скіроўваюцца на вайну, выкарыстоўваюцца для ўсебаковага развіцця чалавека, пераадолення беднасці, абароны чалавечай годнасці і прымірэння падзеленых народаў. Такое бачанне адлюстроўвае веру ў надыход Валадарства Божага.
Сапраўднымі прыладамі міру Пантыфік назваў праўду, дыялог, талерантнасць, дабрыню, справядлівасць, міласэрнасць, разуменне, клопат і любоў. Гэтыя якасці нараджаюцца з сэрцаў, выхаваных паводле Евангелля і ўмацаваных Божай ласкай, і толькі яны здольныя перамяняць людзей, аднаўляць супольнасці і аздараўляць раны свету.
Леў XIV заклікаў вернікаў абнавіць свае сэрцы, каб стаць супрацоўнікамі Божай справы і паступова перайсці “ад пустыні да саду, ад падзелу да еднасці, ад насілля да міру”. “Няхай Пан дасць нам мужнасць ісці гэтым шляхам, каб мячы маглі быць перакаваны на аралы, а абяцанне Евангелля пусціла ўсё больш глыбокія карані ў нашым свеце і каб супакой Хрыста панаваў над усім стварэннем”, - пажадаў Леў XIV.
